wd wp Пошук:

Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм

Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм (1 лістапада 1908, Мінск14 студзеня 1996, Мінск) — беларуская паэтэса.

Біяграфія

Нарадзілася ў Мінску ў сям’і чыгуначніка-немца Эргарда Карлавіча Пфляўмбаўма і Алены Кандратаўны Лагун.

Валерый Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць кніжкі бібліятэчкі «Маладняка». Мінск, 1925 г.

У 1930 годзе скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Актыўна ўдзельнічала ў літаратурна-грамадскім жыцці: спачатку была членам аб’яднання «Маладняк», потым — БелАПП, а пазней уваходзіла ў склад кіраўніцтва гэтых арганізацый. У 1930—1932 гг. працавала бібліёграфам Кніжнай палаты пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда».

Улетку 1931 г. выйшла замуж за Максіма Лужаніна. У 1933 годзе, калі Лужанін быў рэпрэсаваны і сасланы на два гады ў сібірскі Марыінск, выправілася следам за мужам, каб быць з ім побач. Пфляўмбаум была вымушана прадаць ўсю сваю асабістую бібліятэку з унікальнымі выданнямі, каб набыць білет на цягнік[1]. Пасля вызвалення мужа пераязджае разам з ім у Маскву, дзе ў 1935—1945 гг. працуе рэдактарам Абароннага дзяржаўнага выдавецтва («Оборонгиз»).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыла ў супрацьпаветранай абароне Масквы. З 1945 года і да самай смерці жыла ў Мінску.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 г.

Памерла 14 студзеня 1996 года. Пахаваная на могілках вёскі Паперня ў Мінскім раёне, дзе пазьней поруч з ёю быў пахаваны Максім Лужанін[2].

Творчасць

Яўгенія Пфляўмбаўм з Якубам Коласам на панадворку дома паэта, Мінск, 1948 г.

Пачала выступаць у друку з 1924 г. у часопісах «Маладняк», «Полымя», у газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда». У 1926 г. разам з З. Бандарынай і Н. Вішнеўскай выдала калектыўны зборнік «Вершы». Пасля вяртання з ссылкі Лужанін вырашае рабіць усё так, як патрабуе кіруючая партыя. Паэтэса не пагаджаецца з мужам, і амаль усё сваё жыццё піша ў стол, не спадзеючыся калі-небудзь пабачыць напісанае ў друку[3].

Перакладала з англійскай мовы творы Джорджа Байрана і Джэка Лондана, а таксама з рускай — Антона Чэхава і Максіма Горкага[1]. Усе пераклады друкаваў Максім Лужанін.

Вершы Пфляўмбаўм хацеў надрукаваць паэт Аркадзь Куляшоў, які выпадкова прачытаў іх, калі наведаў Лужаніна. Але смерць Куляшова ў 1978 годзе адклала вяртанне паэтэсы ў друк[1]. Толькі ў 1989 годзе выйшаў зборнік вершаў «Сувой жыцця» з прадмовай Анатоля Вярцінскага, а ў 1992 г. — кніга «На захадзе сонца».

Перад смерцю Пфляўмбаўм хацела выдаць трэцюю кнігу вершаў «Зімовае сонца». Але, нягледзячы на намаганні Лужаніна, які пасля смерці жонкі рыхтаваў зборнік да друку, кніга так і засталася нявыдадзенай[4].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 3 Уладзімер Арлоў. Яўгенія Пфляўмбаўм (1.11.1908, Менск — 13.1.1996, Менск. Пахаваная на могілках вёскі Паперня, Менскі раён). Радыё Свабода.
  2. Людмила Рублевская. Прощальные портреты ноября. 11 ноября 2009 г.
  3. Ганна Севярынец. Каханне па-за падручнікам. Невядомая паэтка, жонка вядомага паэта. Архівавана 4 лістапада 2018. 16.02.2017. Velvet
  4. Анатоль Вярцінскі. «Мой лёс круты, як лес густы…» // Дзеяслоў, № 6(25), 2006

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі ў 1996 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Памерлі 14 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 лістапада
Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
Катэгорыя·Паэтэсы Беларусі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Мінскім раёне
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1908 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі педагагічнага факультэта БДУ