wd wp Пошук:

Ян Тарасевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Тарасевіч. Ян Тарасевіч (польск.: Jan Tarasiewicz; 23 верасня 1893, Саколка, цяпер Падляскае ваяв., Польшча — 18 чэрвеня 1961) — польскі і беларускі кампазітар, піяніст, педагог.

Біяграфія

Нарадзіўся ў павятовым горадзе Саколка Гродзенскай губерні (цяпер г. Саколка, Падляскае ваяводства, Польшча).

Бацька будучага кампазітара быў падпалкоўнікам, героем руска-турэцкай вайны. Бацькі Яна памерлі, калі яму было сем гадоў, і ён быў узяты на апеку траюраднай сястрой маці. У маёнтку сваёй цёткі ў хлопчыка была гувернантка, якая дала яму першапачатковыя веды ў галіне музычнай граматы і навучыла іграць на фартэпіяна.

Яну вельмі падабалася займацца музыкай, але, як і большасці дзяцей арыстакратычных сем’яў, яму рыхтавалі іншы лёс. хлопчыка пасылаюць вучыцца ў Санкт-Пецярбург у кадэцкі корпус. Аднак любоў да музыкі перадужала. Адразу па заканчэнні корпуса ён паступае ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю. У кансерваторыі праяўляюцца музычныя таленты Яна. Яго талент быў заўважаны выбітным кампазітарам А. Глазуновым, дзякуючы дапамозе якога былі выдадзеныя першыя сачыненні маладога кампазітара. Ян Тарасевіч карыстаўся вялікай папулярнасцю і як бліскучы выканаўца. Яго здольнасці былі адзначаны знакамітымі буйнымі знаўцамі музыкі таго часу — Сяргеем Рахманінава і Янам Сібеліусам.

Тарасевіч быў прадстаўлены да двара рускага імператара[ru], дзе выступаў у канцэртах. Яго прыхільніцай была дачка Мікалая II Марыя.

Але поспех і шматабяцальная будучыня былі перапыненыя Кастрычніцкім пераваротам 1917 года. Кампазітар некаторы час выкладаў у Гродзенскай беларускай школе. Ён таксама прымаў удзел у стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Але пасля ўкаранення Савецкай улады вяртаецца ў маёнтак пад Саколкай і цалкам аддае сябе творчасці.

У 1921 г. у выніку Брэсцкага міру Саколка, знаходзячыся  ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Беларуссю, адыходзіць да Польшчы. Ян Тарасевіч аказваецца за мяжой. На працягу многіх гадоў ён неадлучна жыве ў сваім маёнтку. Па ўспамінах мясцовых жыхароў кампазітар мала ўвагі надаваў гаспадарцы, аддаючы весь свой час музыцы. Многія яго творы навеяныя атмасферай, што панавала вакол маёнтка, ён адчувае добразычлівасць мясцовых жыхароў. У падзяку кампазітар прысвячае ім свой твор «Банальны вальс».

У 1939 г. пасля ўводу савецкіх войскаў Я. Тарасевич пакідае свой маёнтак і едзе ў Латвію, каб перачакаць «ліхія часы». З прыходам Савецкай улады маёнтак Я. Тарасевіча  нацыяналізаваны, а ўсе землі раздадзеныя мясцовым сялянам. Калі ж ён вяртаецца ў родныя мясціны ў 1942 г., то знаходзіць свой дом разбураным.

Перажыўшы вайну, у 1947  годзе Я.Тарасевич пераязджае ў Беласток у маленькі драўляны домік, які складаецца з кухні і аднаго пакоя, у які ледзь ўплішчваецца фартэпіяна і ложак. Тарасевіч пражыў у гэтым доме чатырнаццаць гадоў, зарабляючы сабе на жыццё прыватнымі ўрокамі музыкі. Многія яго вучні пасля сталі вядомымі музыкамі.

Памёр кампазітар ў 1961 годзе, і па завяшчанні быў пахаваны на праваслаўных могілках у г. Саколка.

Творчасць

Жывучы на ​​тэрыторыі Польшчы, Ян Тарасевіч не страціў сувязі з беларускай культурай. Асновай многіх з яго тварэнняў стаў беларускі музычны фальклор, вакальныя творы на вершы беларускіх паэтаў. Пасля сябе Ян Тарасевіч пакінуў 110 твораў розных жанраў. Гэта творы для фартэпіяна, хору, камерна-інструментальныя творы, песні і рамансы, а таксама адзін незавершаны фартэпіянны канцэрт.

Ні пры жыцці, ні пасля смерці творчасць Яна Тарасевіча не была прызнана ў асяроддзі польскіх кампазітараў. Толькі з моманту перадачы ў 1997 г. музычнай спадчыны кампазітара Беларусі пачынаецца адраджэнне цікавасці да яго мастацтва.

Памяць

У 2000 г. па ініцыятыве «Беларускай капэлы» у Варшаве выходзіць дыск, у які ўвайшлі 24 вакальных і фартэпіянных творы кампазітара, выкананыя артыстамі Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

У 2001 г. у Мінску выйшла кніга В. Скорабагатава «Абышоўся без славы …: Кампазітар Ян Тарасевіч». У сярэдзіне 2007 г. Беластоцкім тэлебачаннем зняты дакументальны фільм «Забыты кампазітар — Ян Тарасевіч».

У 2011 г. у Гродне і Саколцы ў памяць пра Яна Тарасевіча адкрыты мемарыяльныя дошкі.

У 2013 г. у Беластоку прайшоў фестываль імя Яна Тарасевіча, прысвечаны музыцы Вялікага Княства Літоўскага.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 верасня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Сакульскім павеце
Катэгорыя·Кампазітары Польшчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1961 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Сакулцы
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 18 чэрвеня
Катэгорыя·Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1893 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Беластоку