wd wp Пошук:

Якуб Герасімавіч Міско

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Міско. Якуб (Якаў) Герасімавіч Міско (1 чэрвеня 1911, в. Чамяры, Слонімскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Слонімскі раён, Гродзенская вобласць — 23 кастрычніка 1981, Мінск; Падпольны псеўданім: Лазар[1], Псеўданімы: Асот) — беларускі празаік, публіцыст, журналіст, паэт, перакладчык, крытык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і[2]. Падчас Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй у бежанстве ў Расіі, вучыўся там у пачатковай школе[2]. У 1921 годзе сям’я вярнулася на радзіму[2]. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі ў 1925—1929 гадах[3], яго мусілі выключыць за актыўны ўдзел у вучнёўскім страйку, наладжаным у першы дзень апеляцыйнага працэсу ў справе Сялянска-Работніцкай Грамады (29.2.1929)[4]. Паводле меркавання А. Сідарэвіча, лёс Я. Міско гэта частка трагедыі заходнебеларускіх хлопцаў, які паверылі у камунізм, чым карысталіся камуністычныя дзеячы, у прыватнасці І. Дварчанін[4]. У 1932—1934 гадах працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганне», у 1933—1934 — кіраўнік рэдакцыі віленскай «Беларускай газеты» (да № 6[1]), легальнага выдання КПЗБ. На працягу 1930-х гадоў неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах.[3]

Арыштаваны органамі НКУС 1 лістапада 1939 года як «правакатар»[5]. Пасля ўмяшання П. Панамарэнкі[3] вызвалены і рэабілітаваны ў перыяд з 20.4.1940 да 26.4.1940 УНКУС Баранавіцкай вобласці[5]. Тым жа часам, 25 сакавіка або красавіка 1940 года, у в. Чамяры былі арыштаваныя яго браты, селяне-аднаасобнікі Васіль ды Іван Міско, якія былі асуджаны як «правакатары» да 8 гадоў ППК. Былі вывезеныя ў Карелію (Карлаг), дзе Васіль загінуў, малодшы Іван здолеў вярнуцца ў родныя Чамяры[5]. Асабовая справа Якуба Міско № П-5991 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Гро­дзенскай вобласці[5]. Пасля вызвалення працаваў дома у Чамярах на гаспадарцы[2], затым у 1940—1941 гадах літсупрацоўнікам лідскай раённай газеты «Уперад».[3]

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на фронце, пачынаў вайну радавым, быў франтавым разведчыкам, дайшоў да Берліна[2], дэмабілізаваўся ў званні маёра. У вайну аднавяскоўцы выбралі Герасіма, бацьку Якуба, солтысам за што ён разам з сям’ёю быў асуджаны за «калабарацыянізм» да высылкі, паводле Я. Брыля, дазнаўшыся пра высылку родных, Міско біўся ў рыданнях[4]. У 1948 годзе паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, скончыў яго ў 1949 годзе. У 1947—1976 гадах працаваў у «Сельской газете»; у 1976—1981 — у часопісе «Коммунист Белоруссии». Член Саюза журналістаў Беларусі (з 1958).[3]

Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.[3]

Творчасць

Дэбютаваў ў друку ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі «Наперад». Публікаваўся ў польскіх газетах.[3]

Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі[2], водгукі і рэцэнзіі на кнігі М. Танка, Я. Брыля, А. Адамовіча, М. Машары, В. Казько і інш. Перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў.[3] Пераклаў на беларускую паасобныя творы К. Брандыса, М. Жулаўскага[6], Е. Путрамента, М. Каўнацкай[2].

Аўтар успамінаў пра вызваленчую барацьбу ў Заходняй Беларусі.[3]

Прызнанне

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 Саламевіч І. У. Беларуская газета…
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Чыгрын С. Чалавек маўклівага сэрца…
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 2.
  4. 1 2 3 Сідарэвіч А. Разведчыкі і «калабаранты»…
  5. 1 2 3 4 Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 3. Кн. 2.
  6. Жулаўскі М. Чырвоная рака. перакл. Я. Міско. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР. Рэд. мастацкай літ-ры, 1955. — 249 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Памерлі 23 кастрычніка
Катэгорыя·Выпускнікі Баранавіцкага настаўніцкага інстытута
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1911 годзе
Катэгорыя·Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Памерлі ў 1981 годзе
Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Чамярах (Слонімскі раён)
Катэгорыя·Пахаваныя на Паўночных могілках
Катэгорыя·Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 чэрвеня
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта