wd wp Пошук:

Юльюш Клос

Забудова Браслава ў закапанскім стылі

Ю́льюш Клос (польск.: Julijusz Kłos; 8 жніўня 1881Варшава — 5 студзеня 1933, Вільня) — польскі архітэктар, фатограф, гісторык архітэктуры, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і архітэктара Якуба Клоса і Валерыі з Сандэпёраў. Скончыў гімназію ў Калішы, у 1899 годзе паступіў на інжынерна-будаўнічы факультэт Варшаўскай палітэхнікі, адкуль праз два гады перабраўся ў Вену вучыцца архітэктуры ў Hochbauschule. 21 студзеня 1908 года атрымаў дыплом інжынера-архітэктара. З пачатку 1909 года два гады працаваў у будаўнічым дэпартаменце Граца. У 1912 годзе перабраўся ў Варшаву, дзе стварыў уласнае праектнае бюро. На замову князя Януша Радзівіла стварыў у 1912 годзе праект пашырэння палаца ў Нябораве (праз пачатак 1-й сусветнай вайны праект не быў рэалізаваны). У 1912—1914 гадах браў актыўны ўдзел у дзейнасці Таварыства апекі над помнікамі мінулага, быў сакратаром секцыі кансервацыі, таксама правёў інвентарызацыю шматлікіх касцёлаў і палацаў. Займаўся таксама педагагічнай дзейнасцю, у 1914 годзе арганізаваў курсы для архітэктараў у Варшаве. У 1915 годзе арганізаваў у Варшаве выставу «Вёска і мястэчка». У 1916—1918 гадах праводзіў спецыяльныя курсы пра адбудове польскіх гарадоў і вёсак. З 1916 года быў дацэнтам факультэта архітэктуры Варшаўскай палітэхнікі, з 1918 года кіраваў аддзелам архітэктуры Міністэрства мастацтва і культуры[1].

Улетку 1919 года кансультаваў праект Фердынанда Рушчыца па стварэнні факультэта прыгожых мастацтваў у адноўленым Віленскім універсітэце, у лістападзе 1919 года запрошаны прачытаць ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя цыкл лекцый пра польскую архітэктуру. Па ініцыятыве Фердынанда Рушчыца перабраўся ў 1920 годзе ў Вільню, дзе атрымаў пазіцыю прафесара ва ўніверсітэце.

Прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя з 1920 года. Падчас савецка-польскай вайны браў удзел у бітве за Варшаву як сапёр-добраахвотнік. У студзені 1921 года вярнуўся ў Вільню, 16 студзеня прачытаў інаўгурацыйную лекцыю «У чым заключаецца польскасць у архітэктуры?». Узначаліў кафедру польскай архітэктуры, якая была пераўтворана ў секцыю архітэктуры. Быў дэканам факультэта вытанчаных мастацтваў, загадчыкам кафедры архітэктуры (1920—1929), пазней выкладаў гісторыю архітэктуры, чарчэнне.

У 1922 годзе, калі паўстала пытанне дзяржаўнага статусу Вільні, падрыхтаваў мемарандум «Польская Вільня», які быў перакладзены на польскую і англійскую мовы, ілюстраваны фотаздымкамі Яна Булгака, і быў скарыстаны ў дыскусіях пра лёс горада ў Лізе Нацый[1].

У 1923 годзе займаўся рэканструкцыяй двара Пятра Скаргі ансамбля Віленскага ўніверсітэта, перапланіроўкай галерэй будынка Віленскага ўніверсітэта для выкарыстання як аўдыторый і кабінетаў. У гэтым жа годзе выпусціў краязнаўчы гід па Вільні, які вытрымаў некалькі выданняў (выдаваўся ў 1923, 1929, 1937 гадах, таксама рэпрынтам).

У 1921—1923 гадах вызначыў месцазнаходжанне «келлі Конрада» ў базыльянскіх мурах (дзе ў вязніцы знаходзіўся Адам Міцкевіч), пасля чаго разгарэлася дыскусія паміж польскімі даследчыкамі (С. Пігань, Ю. Клос) і беларускімі дзеячамі (А. Луцкевіч, У. Талочка) наконт месца размешчэння гэтай «келлі». Не зважаючы на тое, што ў 1930-я гады «келля Конрада» была рэканструявана, у нашыя часы яна перанесена на тое месца, якое вызначалі беларускія дзеячы.

У 1923 годзе запраектаваў драўляны касцёл Маці Божай Анёльскай у Мяжанах, пабудаваны ў 1925—1928 гадах у закапанскім стылі (касцёл згарэў у 1985 годзе ад траплення маланкі, адбудаваны ў 1990-х з арыентацыяй на праект Клоса).

У 1924—1925 гадах паводле праекта Клоса і пад яго наглядам праведзена кансервацыя галоўнага будынка Collegium Chemicum. У 1926 годзе рэалізаваў уласны праект невялічкай капліцы ў памяць загінулых падчас войнаў з бальшавікамі на могілках Роса.

У 1927 годзе па рашэнні міністэрства была ліквідавана кафедра архітэктуры, што стала для Клоса цяжкім ударам.

Перад падрыхтоўкай каранацыі Маці Божай Вострабрамскай у 1927 годзе быў навуковым кіраўніком кансервацыі Вострай Брамы і касцёла Святой Тэрэзы.

Юльюш Клос цесна супрацоўнічаў з віленска-наваградскімі акруговымі кансерватарамі Е. Рэмерам (1922—1929) і С. Лорэнцам (1929—1935)[2]. У абавязкі гэтых службоўцаў уваходзіў шырокі спектр заданняў. Апроч апекавання агульных пытанняў культурнага жыцця акругі ім было трэба весці інтэнсіўную працу па інвентарызацыі і кансервацыі помнікаў. У абавязкі кансерватара ўваходзіў нагляд за археалагічнымі раскопамі, кантроль стану рухомых і нерухомых помнікаў ад сярэднявечча да XIX стагоддзя ўключна. Пры гэтым, праз нястачу сродкаў у бюджэце, дапаможныя штатныя адзінкі кансерватару не дазваляліся. Юльюш Клос дапамагаў ім у зборы інфармацыі, палявых імпрэзах, абмеркаванні праблемных пытанняў[3]. Даследаваў архітэктурныя помнікі Паўднёва-Усходняй Літвы і Заходняй Беларусі, фатаграфаваў іх, рабіў дыяпазітывы, складаў альбомы, якія цяпер як каштоўны іканаграфічны матэрыял захоўваюцца ў архівах і музеях.

У 1929 годзе быў намінаваны на звычайнага прафесара, але рашэнне так і не было зацверджана, магчымай прычынай былі абвінавачванні ва злоўжыванні алкаголем.

У 1931 годзе кіраваў аднаўленчымі працамі ў віленскім кафедральным саборы, падчас якіх былі знойдзены каралеўскія пахаванні, спраектаваў каралеўскі маўзалей у крыпце сабора.

Праз публічную крытыку (у першую чаргу віленскага «Слова») у 1932 годзе адмовіўся ад навуковага кіраўніцтва працамі ў кафедральным саборы.

5 студзеня 1933 года зваліўся з лесвіцы ва ўласным доме і загінуў.

Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

У сваіх мемуарах віленска-наваградскі акруговы кансерватар помнікаў Станіслаў Лорэнц характарызуе Ю. Клоса як вельмі добрага і прыемнага ў камунікаванні чалавека, захопленага гісторыяй, архітэктурай, мастацтвам і фатаграфіяй[4].

Асобныя праекты

Калоніі ў Браславе і Дунілавічах

Вынікамі яго працы сталі не толькі матэрыялы фіксацыі помнікаў, але і шматлікія праекты будынкаў, распрацаваныя на аснове лакальных традыцый гарадоў і мястэчак[5]. Напрыклад, для Браслава ім у 1924—1926 гады быў адмыслова спраектаваны і збудаваны ансамбль для калоніі польскіх службоўцаў і іх сем’яў[6], які ўключаў калодзежны шацёр, два свіраны, жылыя дамы і іншыя будынкі[7]. У «доме спорту», дзе сёння размяшчаецца раённая бібліятэка, была глядзельная зала для правядзення канцэртаў і дэманстрацыі кінастужак, а побач знаходзіліся тэнісныя корты. Унікальны архітэктурны ансамбль мястэчка так моцна ўражваў адпачывальнікаў, што яны жартам сталі зваць Браслаў паўночнай Ніцай[8]. Таксама па яго праектах былі пабудаваная ўрадавая калонія ў Дунілавічах і комплекс кашар у Беразвеччы.

Творы

Зноскі

  1. 1 2 Józef Poklewski. Profesor Juliusz Klos (1881—1933). Architekt — badacz — konserwator — pedagog // Studia z historii sztuki i kultury wileńskiej lat 1900—1945 (wybór tekstów), pod red. Elżbiety Pileckiej, Alicji Saar-Kozłowskiej, Małgorzaty Wawrzak, Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2019. Ss. 393—430.
  2. Kowalczykowa, А. Konserwator Stanisław Lorentz na Wilenszczyznie — przyczynek. «Acta Academiae artium Vilnensis», T. 29. Vilnius, 2003. S. 129—138.
  3. Морозов, Д. В. Профессор Юлиуш Клос и охрана памятников Западной Беларуси 1921—1939 гг. / Д. В. Морозов // Проблемы истории и культуры пограничья: гуманитарное знание и вызовы времени : материалы Междунар. науч. конф., посвящ. 200-летию И. Е. Храповицкого, г. Верхнедвинск, 16 июня 2017 г. / Верхнедвинский историко-краеведческий музей; редкол.: В. А. Ганский (гл. ред.), М. Г. Бембель, Т. С. Дмитриева [и др.]. — Минск, 2017. — С. 139—143.
  4. Lorentz, S. Album wileńskie. Warszawa, Państwowy Instytut Wydawniczy, 1986. — 237 s.
  5. Единственный и неповторимый белорусский «скансен» — Белорусский государственный музей народной архитектуры и быта. — «20 лет спустя» Архівавана 5 сакавіка 2016.
  6. Браславский район — Достопримечательности
  7. Достопримечательности населенных пунктов Архівавана 25 мая 2012.
  8. В поисках утраченного Архівавана 15 лютага 2010.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Гісторыкі Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Варшаве
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Роса
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 жніўня
Катэгорыя·Памерлі 5 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Архітэктары Беларусі
Катэгорыя·Архітэктары Літвы
Катэгорыя·Памерлі ў 1933 годзе
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без партрэтаў
Катэгорыя·Постаці Браслава
Катэгорыя·Архітэктары Вільнюса
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1881 годзе