У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вільдэ.
Эдуард Ві́льдэ (эст.: Eduard Vilde; 4 сакавіка 1865, Пудыверэ, Эстонія — 26 снежня 1933, Талін) — эстонскі пісьменнік.
Нарадзіўся 4 сакавіка 1865 года ў Пудыверэ. У 1875—1882 гадах вучыўся ў Таліне ў павятовым вучылішчы. З 1883 года працаваў журналістам у розных эстонскіх і нямецкіх газетах у Таліне, Тарту і Рызе.
У 1890—1892 гадах жыў у Берліне. У 1896 жыў у Маскве, дзе падтрымліваў сувязь з марксісцкімі кружкамі латышскіх студэнтаў. Вільдэ прыняў удзел у рэвалюцыйным руху 1905 года і вымушаны быў эміграваць у Фінляндыю, дзе выдаваў палітычны сатырычны часопіс «Шыбеніца» (1906), які тайна распаўсюджваўся ў Эстоніі. Затым эміграваў у Данію, у Капенгаген. Паездка ў Амерыку ў 1911 годзе дала пісьменніку матэрыял для зборніка сатырычных фельетонаў «Усмешкі».
Вярнуўся на радзіму пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Уступіў у эстонскую сацыял-дэмакратычную партыю. У незалежнай даваеннай Эстоніі займаўся галоўным чынам выданнем збору сваіх сачыненняў.
Перад смерцю Вільдэ звярнуўся з заклікам да эстонскага народа, заклікаючы яго да актыўнай барацьбы супраць фашызму.
Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гістарычнай трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902), «Калі сяляне з Аніл наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—1908) пра сялянскі рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхалагічны раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зборнік «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.