Шуфля́да, шуфля́дка (па-польску: Szuflada, па-нямецку: Schublade) — высоўная скрынка з адчыненым верхам. Частка (канструктыўны элемент) мэблі ў форме прамавугольнага кораба, якая служыць для захоўвання рэчаў. Шуфляда гарызантальна высоўваецца на накіравальных для доступу да яе зместу[1] і часам мае механізм «самазачынення»[2][3]. Высоўныя шуфляды змяшчаюцца ў шафах, буфетах, бюро, камодах, тумбачках, пісьмовых сталах, картатэчнай мэблі, касавых апаратах, і інш.
Шуфляда як састаўная частка мэблі з’явілася яшчэ ў антычныя часы[4].
Заднія, пярэднія і бакавыя сценкі драўляных шуфляд часцей за ўсё вырабляюцца з дошак, дно ж вырабляюць з ДВП ці фанеры; таксама выкарыстоўваюць розныя драўляна-кампазітныя матэрыялы, пластык і ліставы метал[5]. Перагародкі паміж шуфлядамі, размешчанымі адна пад адной, тыпова не робяць[6].
Найболей распаўсюджаны тып злучэнняў пярэдняй і бакавых сценак драўлянай шуфляды па меркаваннях трываласцi і эстэтыкі — праклеены «ластаўчын хвост». Сценкі таксама могуць злучацца шрубамі, шкантамі, клямарамі, клеем, іншымі спосабамі, або вырабляцца разам з дном як адзіны элемент[7]. Для зручнасці адчынення, на перадзе шуфляды крэпіцца ручка, звычайна круглай ці п-віднай формы[8]. Шуфляда без ручкі можа адчыняцца націскам на яе, тады спрацоўвае змешчаная ўнутры пружына, або з дапамогой ключа, устаўленага ў замок.
Лічыцца, што слова «шуфляда» прыйшло ў беларускую мову з нямецкай праз польскую. Гэтым тлумачыцца адсутнасць аднасложнага адпаведніка ў рускай мове.
У пераносным сэнсе, у рускай мове выраз «положить в долгий ящик» азначае справу, адкладзеную на нявызначаны тэрмін.