Чарбамы́сла — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Заходняя Дзвіна, за 48 км на паўночны ўсход ад Полацка, у межах гідралагічнага заказніка «Глыбокае—Чарбамысла, Вялікае Астравіта»[1] («Глыбокае—Вялікае Астравіта»[2]).
Плошча паверхні возера 0,5 км². Даўжыня 1,32 км, найбольшая шырыня 0,51 км. Найбольшая глыбіня дасягае 6,9 м, сярэдняя каля 3,3 м. Даўжыня берагавой лініі 3,2 км. Аб′ём вады 1,67 млн. м³, Плошча вадазбору 2 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны ў паўночнай і заходняй частцы возера вышынёй 15—20 м, на ўсходзе да 8 м, на поўдні 2—3 м. На поўдні да возера прымыкае вярховае балота. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі высокія, на захадзе, поўначы і ўсходзе зліваюцца са схіламі катлавіны, пясчаныя. На поўдні возера берагі тарфяністыя. Дно ў прыбярэжнай частцы на поўначы і паўночным усходзе возера да глыбіні 1,5—2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем.
Возера Чарбамысла мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі, бяссцёкавае. Расліннасць распаўсюджваецца на адлегласці да 150 м ад берага. На глыбіні да 2 м расце эладэя канадская і рэдкі ахоўны від раслін — палушнік азёрны. Да 4—4,5 м імхі (фантыналіс[3])
У возеры водзяцца шчупак, акунь, лешч, плотка, гусцяра, краснапёрка, лінь, і іншыя віды рыб.