Чаны́, Вялікія Чаны (руск.: Чаны́, Большие Чаны)[1][2] — бяссцёкавае салёнае возера ў Барабінскай нізіне на тэрыторыі Новасібірскай вобласці Расіі. Самае вялікае возера Заходняй Сібіры.
Месціцца ў катлавіне. Узнікла пасля апошняга ледавіковага перыяду. Падзяляецца на малы і вялікі плёсы. Плошча паверхні вагаецца і складае прыкладна ад 1400 да 2000 км² у залежнасці ад сезонных і гадавых ваганняў узроўню вады. Даўжыня 91 км, найбольшая шырыня 88 км. Найбольшая глыбіня возера 10[2][3] м, сярэдняя каля 2[2][3] м. Мінералізацыя вады 0,8—20[2] г/л. Берагі возера нізкія. Берагавая лінія звілістая. На возеры каля 70 астравоў. Пратокай злучаецца з возерам Малыя Чаны. У Чаны ўпадаюць рэкі Каргат і Чулым (упадае ў Малыя Чаны). Жывіцца возера вадой пераважна за кошт атмасферных ападкаў (53–56 %)[2].
Возера насяляюць 16 відаў рыб, на берагах гняздуюцца птушкі. Выкарыстоўваецца для рыбалоўства, развіты мясцовы турызм.