wd wp Пошук:

Цёмныя Крамы

Казьмадзям’янаўская (Францішка Скарыны) вуліца, здымак 1930 года

Цёмныя Крамы — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная паміж Нізкім і Верхнім Рынкам, уздоўж Казьмадзям’янаўскай вуліцы. Ансамбль забудовы раёна быў унікальным помнікам горадабудаўніцтва эпохі Рэнесансу[1]. Пацярпела ў Другую сусветную вайну і канчаткова страціла аўтэнтычнае аблічча ў выніку паваенных рэканструкцый.

Паходжанне назвы

Высокі Рынак і Цёмныя Крамы на плане 1857 г.
Цёмныя Крамы на плане 1858 г.

Урбанонім «Цёмныя Крамы» ўтварыўся праз асаблівасць забудовы — на вузкую, шчыльна забудаваную Казьмадзям’янаўскую вуліцы, дзе тулілася вялікая колькасць крам, блага трапляла дзённае святло[1][2]. Назва вуліцы паходзіць ад старадаўняга Казьмадзям’янаўскага праваслаўнага манастыра, які знаходзіўся на ўсходняй ускраіне старажытнага Менска і быў таксама комплексам абарончага значэння.

Гісторыя

Касцёл баніфратаў. Фрагмент літаграфіі Б. Лявэрня, 1840 г.
Праект рэканструкцыі будынка на месцы зруйнаванага касцёла

Казьмадзям’янаўская вуліца — адна з найстаражытнейшых у Менску. Яна пачыналася з Нізкага Рынка і заканчвалася каля касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі каталіцкага кляштара ордэна бернардзінак (цяпер у касцёле месціцца кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату).

Цёмныя Крамы. Малюнак М. Сляпяна, 1925 г.

На пачатку вуліцы, унізе перад пагоркам, знаходзіўся кляштар каталіцкага ордэна баніфратаў з касцёлам (імаверна, існаваў да 1-й паловы XIX ст.), у 1700 годзе пры ім дзейнічаў шпіталь. Цяпер на месцы баніфрацкага кляштарнага комплексу знаходзіцца тралебусна-аўтобусны прыпынак.[3]

Пачатак Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы (тагачаснай Францішка Скарыны) на кадры з фільма Кастусь Каліноўскі (1927)

Мураваны архітэктурны ансамбль Казьмадзям’янаўскай вуліцы цалкам сфарміраваўся яшчэ ў XVIII ст.[1] Забудова складалася з двух- і трохпавярховых дамоў, на першых паверхах размяшчаліся невялікія крамы. Некаторыя будынкі мелі ўласныя назвы, у архіўных дакументах згадваецца «аддадзены ў 1829 годзе Эканоміяй Архірэйскага дома ў арэнднае трыманне мяшчаніну Румеру дом, вядомы як Гіндзейская камяніца».[4] Па выходных і святах тут і на бліжэйшых вуліцах разгортваўся людны гандаль.

У канцы XIX ст. у адным з двароў на Казьмадзям’янаўскай знаходзілася невялікая абутковая фабрыка, створаная на базе майстэрні.

Ад 1926 года вуліца насіла імя беларускага першадрукара Францішка Скарыны[5], аднак у сувязі з пачаткам палітыкі русіфікацыі і масавых сталінскіх рэпрэсій у 1933 годзе яе перайменавалі ў гонар расійскага пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага. У тыя часы, акрамя крам, на вуліцы знаходзіўся шэраг устаноў: Менская і Беларуская канторы «Саюзутыль», склад вопраткі Гарпрамгандлю, садавінагародніная база Мінпрамгандлю.

Да Другой сусветнай вайны мясцовасць яшчэ захоўвала сваё гістарычнае аблічча, але ў выніку бамбардзіроўкі была амаль цалкам зруйнавана. Апошнія тры будынкі колішніх Цёмных Крамаў знішчылі падчас будаўніцтва станцыі метро «Няміга» ў 1989 годзе.[2]

У наш час на гэтым месцы замест аднаўлення старадаўняй Казьмадзям’янаўскай вуліцы стварылі спрэчную па сваіх функцыянальна-планіровачных і архітэктурных якасцях структуру з пляцовак і прыступак, якая прэтэндуе на асацыяцыі са старой забудовай.[4] У 2018 годзе спуску ў пешаходнай зоне ад Свята-Духава кафедральнага сабора да вуліцы Максіма Багдановіча была нададзеная назва Козьма-Дзям’янаўскі спуск[6].

Цікавыя факты

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 3 Казьмадзям’янаўскай вуліца // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 19
  2. 1 2 Цёмныя крамы // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 548
  3. Мінскія лёхі // Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 8
  4. 1 2 3 Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007
  5. Вячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами Архівавана 21 студзеня 2012. на Мінск стары і новы
  6. Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г.Мінска № 49/3/28 (нявызн.). Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (29 траўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 13-11-2018. Праверана 13-11-2018.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Знішчаныя збудаванні Мінска
Гістарычныя раёны Мінска
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы