wd wp Пошук:

Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа

Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа — галоўны храм беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай царквы. Знаходзіцца ў Мінску.

Гісторыя стварэння

Асноўны артыкул: Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак, Мінск Гісторыя сабора пачынаецца ў 1633—1642 гадах, калі быў пабудаваны касцёл і кляштар бернардзінак. У 1741 г. будынак быў разбураны пажарам, што зрабілася прычынай рэканструкцыі манастыра. Па дадзеных інвентарны вопісу 1784 г., амаль на гэтым месцы, але трохі ў бок былой Касмадзем’янаўскай вуліцы знаходзіўся праваслаўны Касмадзем’янаўскі манастыр, які ў пачатку XVII ст. быў ператвораны ва ўніяцкі.

У 1741 г. бернардзінскі кляштар пацярпеў ад пажару, пасля якога падвергся рэканструкцыі. У 1852 г. манастыр быў скасаваны і пераведзены ў Нясвіж.

З 1860 года ранейшы касцёл стаў праваслаўным храмам. Будынак не раз перабудоўваўся. З паўночна-усходу да храма прылягае П-вобразны двухпавярховы корпус.

У 1869 г. паводле хадайніцтва архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Аляксандра Дабрыніна з казны былі вылучана сродкі для перабудовы, аднаўлення, рэканструкцыі і добраўпарадкавання манастырскага комплексу. З вылучанай сумы ў 13 тысяч руб. палавіна пайшла на аднаўленне храма і стварэння іканастаса. 4.1.1870 г храм адкрыты і асвячоны ў гонар сашэсця Святога Духа на апосталаў, прыдзел асвячоны ў гонар святых першанастаўнікаў славянскіх Кірылы і Мяфодзія; у будынку кляштара размясціўся праваслаўны мужчынскі манастыр Святога Духа, брацію якога склалі манахі, пераведзеныя са старажытнага Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра; адначасова з якога былі забраны бібліятэка, рызніца і іншая манастырская маёмасць’. У маі 1870 г. Сінод даў прадпісанне называць манастыр Святадухаўскім. Асвячэнне галоўнага прастола ў гонар сашэсця Святога Духа адбылося 22.10.1870 г. мінскім епіскапам Аляксандрам Дабрынінам; правы прыдзел у імя святых Кірыла і Мяфодзія асвячоны 1 лістапада*. На пачатак 20 ст. было 16 чалавек браціі (у 1905 г. 10 чалавек: архімандрыт, ігумен, 4 іераманахі, 2 іерадыякана і 2 манахі). У 1918 г. манастыр скасаваны, спыніліся набажэнствы і ў храме. Ён быў пераўтвораны ў спартыўную залу, потым архіў. У 1943 г. пасля асвячэння сабора архіепіскапам Філафеем (Нарко) набажэнствы ў ім адноўлены. Быў створана новы 3-ярусны іканастас. Адначасова з храмам аднавіўся і мужчынскі манастыр, у якім мелася ўсяго 3 чалавекі браціі. У 1947 г. над вежамі сабора былі ўзняты крыжы. У 1-й палавіне 1950-х гг. праведзены капітальны рамонт інтэр’ера храма, на які затрачана 500 тыс. руб. Сучасны воблік храма надаў апошні рамонт канца 1970-х — пачатку 1980-х гг. 4-прастольны храм. Пры саборы існуе Праваслаўнае таварыства міласэрнасці Святой праведнай Сафіі Слуцкай.*

Архітэктура

Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч. «Мінск. Духаў манастыр», 1922

Помнік архітэктуры віленскага барока. Вырашаны паводле канона 3-нефавай 6-слуповай 2-вежавай базілікі. Пануючы карабель галоўнага нефа пераходзіць у 3-гранную апсіду з бакавымі рызніцамі. Галоўны фасад тонкапрафіляванымі карнізнымі цягламі падзелены на 3 ярусы. Трэці ярус форміруюць 2 бакавыя 6-ярусныя тэлескапічныя вежы (вышыня 34 м) са складанымі па форме барочнымі купаламі і фігурны шчыт паміж імі, запоўнены мазаікай з выявай Хрыста. Вуглы фасада і ярусаў вежаў крапаваны пілястрамі, якімі вылучана і цэнтральная частка і прасценкі лучковых і арачных аконных праёмаў бакавых фасадаў. Ніжнія ярусы вежаў дэкарыраваны плоскімі арачнымі нішамі.

Інтэр’ер

У інтэр’еры (умяшчальнасць каля 800 чал.) цэнтральны неф, які ў 2 разы шырэйшы за бакавыя, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Створаны 3 прыдзелы: асноўны прастольны — сашэсце Святога Духа, правы — у імя велікамучаніцы Варвары (1953), левы — у гонар Казанскай іконы Маці Божай (1968) . Каля паўночнай сцяны ўсталявана рака з мошчамі праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, а ў крыптавай частцы сабора зроблены прыдзел у імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, які выкарыстоўваецца як хрысцільная царква. Яе іканастас мае абразы Прасвятой Багародзіцы і Збавіцеля, прападобнага Серафіма Сароўскага. Захаваліся 7 стукавых алтароў 18 ст. ў стылі позняга барока — калонныя порцікі з крапаванымі антаблементамі, выкананыя пад блакітны мармур з залачэннем ляпных элементаў. Апсіду вылучае 4-ярусны драўляны пазалочаны іканастас. Са святынь сабор меў абраз святога Мікіты, епіскапа Наўгародскага, з часткай яго мошчаў, прыжыццёвы партрэт Ціхана Задонскага, 4 пасярэбраныя крыжы-каўчэжцы для мошчаў. На галоўным прастоле знаходзілася старажытнае Евангелле, перапісанае ў 1582 г. слуцкім князем Юрыем Алелькам і ахвяравана ім у Слуцкі Свята-Троіцкі манастыр. Шануецца абраз 2-й палавіны 17 ст. «Крупецкая Маці Божая Адзігітрыя» (знаходзіўся ў Пакроўскай царкве в. Крупцы, якая зараз увайшла ў межы Мінска). У 1945 г. з закрытага Петра-Паўлаўскага сабора ў Свята-Духаўскі храм быў перанесены старажытны цудатворны абраз Мінскай Маці Божай. Абраз 1731 г. «Грамніцы (Стрэчанне)», выяўлены ў 1920-я гг. ва Успенскай царкве в. Басценавічы (Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці), да Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Маецца абраз сярэдзены 18 ст. «Мікалай з жыціем».

У культуры

Скульптура «Дойлід»

Касцёл бернардзінак адлюстраваны ў скульптуры «Дойлід» Уладзіміра Жбанава, устаноўленай у 2007 годзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
XVII стагоддзе ў Мінску
Храмы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Колішнія касцёлы Мінска
З’явіліся ў 1642 годзе
Плошча Свабоды (Мінск)
Саборы Беларусі
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Вуліца Кірыла і Мяфодзія (Мінск)
Праваслаўныя храмы Мінска
Храмы Мінскай епархіі
Збудаванні Мінска ў стылі барока