Дзяні́с Уладзі́міравіч Дук (нар. 29 мая 1977, Наваполацк, Віцебская вобласць) — беларускі гісторык, археолаг, педагог, доктар гістарычных навук, прафесар, ідэолаг рэжыму Лукашэнкі. Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.
У 1999 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гісторыя» і застаўся працаваць ва ўніверсітэце на кафедры гісторыі і сацыялогіі.
Навучаўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там жа ў 2004 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI—XVIII стст.: па выніках археалагічнага вывучэння».
У 2005—2013 гадах — загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 2011 годзе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Полацк IX—XVIII стст.: узнікненне, фарміраванне і развіццё».
З 2013 года — прарэктар па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
28 верасня 2017 года Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Дука рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.
Аўтар больш за 100 навуковых і навукова-метадычных публікацый, 2 вучэбных дапаможнікаў і 3 манаграфій. Кіруе падрыхтоўкай аспірантаў.
Ажыццяўляе археалагічнае даследаванне Полацка і тэрыторыі былой Полацкай зямлі. Правёў раскопкі на старажытным селішчы ў Асвеі Верхнядзвінскага раёна, гарадзішчы каля вёскі Глаты Расонскага раёна, могільніках каля вёсак Туржэц і Гарадзішча Полацкага раёна; даследаваў пахавальны склеп Павалішыных у вёсцы Янкавічы Расонскага раёна. Ініцыятар зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пастаянна дзеючай археалагічнай экспедыцыі ў Полацку (2008—2015 гг.). У выніку ягоных археалагічных даследаванняў былі адкрыты і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унікальныя у еўрапейскім маштабе помнікі археалогіі Полацка — старажытныя пасады.
У лістападзе 2022 года выступіў на прапагандысцкім тэлеканале рэжыму Лукашэнкі Беларусь 4. Падтрымаў прапанову пазбаўляць грамадзянства палітычных уцекачоў і дэмакратычную апазіцыю ў эміграцыі, назваўшы іх «беглымі»[1].
Дзяніс Уладзіміравіч Дук у Вікіцытатніку |