wd wp Пошук:

Церабунь

Церабу́нь[1] (трансліт.: Cierabuń, руск.: Теребунь) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Клейнікаўскага сельсавета. Размешчана за 16 км на паўночны захад ад Брэста, 8 км ад чыгуначнай станцыі Матыкалы.

У складзе камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Пагранічнік» (цэнтр — а.г. Клейнікі).

Гісторыя

Паводле пісьмовых крыніц вёска вядома з 16 ст. як велікакняжацкае сяло ў Берасцейскім старостве і ваяводстве ВКЛ. Пад 1566 г. пазначана ў інвентары як маёнтак Гноенскага. У 1583 годзе (па іншых звестках у 1585) пабудаваны з каменю Троіцкі касцёл. У 17 ст. радавы маёнтак князёў Шуйскіх. У 1609 годзе князем Іванам Шуйскім пабудавана праваслаўная мураваная царква са званіцай. Войцех Шуйскі (1730—1792), староста нежынскі, які быў у шлюбе з Анеляй Шуйскай (дачкой берасцейскага харунжага Ігнацыя Шуйскага — далёкага сваяка Войцеха) меў у вёсцы «прыгожы каменны палац» і сад[2].

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. У Айчынную вайну 1812 года пры пераправе цераз р. Лясная каля вёсак Клейнікі, Вістычы і Церабунь адбылася бітва, у выніку якой загінулі 2 тыс. французскіх і 1 тыс. рускіх салдат. З 1876 года вёска ў Матыкальскай воласці Брэсцкага павета; маёнткам валодаў граф К. Грабаў, тут меліся вінакурны завод, 2 карчмы, штогод адбывалася ярмарка. Дзейнічала царкоўна-прыходская школа.

У 1905 годзе сяло (47 жыхароў) і маёнтак (5 жыхароў) у Матыкальскай воласці Брэсцкага павета. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Матыкальскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.

З 1939 года ў складзе БССР. У 1940 годзе адкрыта 7-гадовая школа. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 6 вяскоўцаў.

У сакавіку 1950 года арганізаваны калгас «Новы шлях», у які ўступілі ўсе жыхары вёскі (34 гаспадаркі). Да 8 верасня 1959 года вёска ўваходзіла ў склад Матыкальскага сельсавета[3]. У 1960-я гады калгас аб’яднаўся з калгасам «Краіна Саветаў» (в. Коладна), а затым у час узбуйнення ўвайшоў у склад калгаса «Пагранічнік» (в. Клейнікі). 4 верасня 1972 года да вёскі далучана вёска Коладна[4].

Насельніцтва

Інфраструктура

Славутасці

Страчаная спадчына

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Гладышчук, А. А. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі : гісторыка-дакументальны нарыс / А. А. Гладышчук. — Мінск : Литература и Искусство, 2009. с. 25. : іл.
  3. Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 верасня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 11.
  4. Рашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 27 (1365).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Клейнікаўскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Церабунь
Катэгорыя·Населеныя пункты Брэсцкага раёна