Халакост у Беларусі — пераслед і масавае знішчэнне яўрэяў на тэрыторыі Беларусі у перыяд нямецкай акупацыі з 22 чэрвеня 1941 года па 28 ліпеня 1944 года.
Беларусь была захоплена нямецкімі войскамі вельмі хутка і з’ехаць на ўсход здолелі вельмі нямногія яўрэі. З прыкладна 800 тысячаў — 1 мільёна яўрэйскага насельніцтва даваеннай тэрыторыі у центры рэгістрацыі бежанцаў у Бугуруслане было зарэгістравана 222 тысячы яўрэяў з Беларусі.
На акупаваных тэрыторыях дзейнічалі Нюрнбергскія расавыя законы, якія былі павінны ажыццявіць ізаляцыю яўрэйскага насельніцтва па нацыянальных прыкметах у гета і канцэнтрацыйныя лагеры дзеля далейшага знішчэння[1][2][3]
Масавыя забойствы пачаліся практычна адначасова з прыходам нямецкіх войскаў і доўжыліся амаль да поўнага вызвалення тэрыторыі Беларусі ад захопнікаў. Па дадзеных большасці навуковых крыніц пад час акупацыі загінулі ад 600 да 800 тысячаў чалавек — 74—82 % яўрэйскага насельніцтва Беларусі. У масавым знішчэнні яўрэяў акупантам актыўна дапамагалі калабарацыяністы. Выпадкі пераследу і забойстваў яўрэяў зафіксаваны таксама з боку польскіх і савецкіх партызанаў.
У пасляваенныя часы падзеі Халакосту падвяргаліся у Беларусі і СССР замоўчванню па ідэалагічных умовах. Сістэматычная праца па ушанаванню памяці ахвяраў Халакосту пачалася толькі у 1991 годзе пасля развалу камуністычнай сістэмы. Да сенняшняга дня навуковая праца по тэме Халакосту застаецца у Беларусі на нізкім узроўні.
22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР, і да канца жніўня тэрыторыя Беларусі была цалкам захоплена нямецкімі войскамі. У сувязі з тым, што прасоўванне нямецкіх частак было вельмі хуткім, толькі нешматлікім яўрэям удалося эвакуіравацца ці бегчы ў глыб краіны.
Чым далей на ўсход знаходзілася яўрэйскае насельніцтва, тым большая яго доля была эвакуіравана і выратаваная ад акупацыі. Маладыя мужчыны былі прызваны ў Чырвоную армію. З далучаных да СССР пасля 1939 года заходніх тэрыторый, дзе пражывала больш за 2 мільёны яўрэяў[4], здолелі эвакуіравацца не больш за 100 тысяч. На тэрыторыі Беларусі ў межах да 1939 года, занятай немцамі да канца чэрвеня 1941 года, пражывала крыху больш за 130 тысяч яўрэяў, з якіх паспелі эвакуіравацца 14—15 тысяч. На тэрыторыі Беларусі, занятай немцамі да сярэдзіны ліпеня, пражывала яшчэ ад 105 да 110 тысяч яўрэяў, з якіх паспелі з’ехаць на ўсход 45—48 тысяч. У перыяд другой хвалі эвакуацыі, з сярэдзіны ліпеня да канца жніўня 1941 года, удалося вывезці 80 тысяч яўрэяў з 125 тысяч з пакінутай на той момант неакупаванай тэрыторыі Беларусі[5][6].
Па прыкладных падліках, з раёнаў, захопленых немцамі да канца чэрвеня 1941 года, было эвакуіравана ўсяго каля 11% яўрэяў; з раёнаў, акупіраваных да сярэдзіны ліпеня 1941 года, — ад 43 да 44 %, а з усходняй частцы рэспублікі ўратавалася каля 63—64 %[7].
Шанцы на эвакуацыю вызначаліся месцам жыхарства (напрыклад, блізкасцю чыгункі), хуткасцю прасоўвання нямецкай арміі на ўсход і прыярытэтамі савецкіх органаў ў палітыцы эвакуацыі. У імянных спісах, складзеных у Цэнтральным даведачным бюро ў Бугуруслане (Арэнбургская вобласць РСФСР), у кастрычніку-лістападзе 1941 года было зарэгістравана 222 тысячы яўрэяў-бежанцаў з Беларускай ССР[5].
Пэрыядызацыя Халакосту на Беларусі супадае з перыядызацыяй Халакосту на тэрыторыі СССР з тым удакладненнем, што Беларусь была вызвалена ў ліпені 1944 года.
Ілля Альтман вылучае наступныя этапы ў ажыццяўленні Халакосту на тэрыторыі СССР[8]:
Іцхак Арад разглядае тры этапы ў наступных інтэрвалах:[10]
Масавыя забойствы яўрэяў на акупаваных тэрыторыях ішлі з усходу на захад у мэтах «ачысткі тылоў» групы армій «Цэнтр». У заходняй частцы ішла ізаляцыя яўрэяў ад мясцовага насельніцтва. Частку забівалі адразу, а астатніх заганялі ў адмыслова выдзеленыя для пражывання яўрэяў месцы — гета. Для яўрэяў ўводзіліся спецыяльныя апазнавальныя знакі — нашыўкі жоўтага колеру, якія неабходна было насіць на вопратцы спераду і ззаду.
Летам і восенню 1942 года фашысты прыступілі да акцый па ліквідацыі гета Заходняй Беларусі. Былі знішчаныя яўрэі Міру, Клецка, Ляхавічаў, Нясвіжа, Косава і многіх іншых месцаў.
8 лютага 1943 года было ліквідавана слуцкае гета. Да 12 сакавіка было цалкам знішчана яўрэйскае насельніцтва Гродна — больш за 25 тысяч чалавек. Зімой, паверыўшы нямецкай прапагандзе, вярнуліся з лесу якія ўцяклі яўрэі мястэчка Іўе — і былі пасля знішчаныя.
21 чэрвеня 1943 года рэйхсфюрэр СС Генрых Гімлер падпісаў сакрэтны загад аб ліквідацыі з 1 жніўня ўсіх гета ў Рэйхскамісарыяце Остланд і пераводзе ўсіх пакінутых у жывых яўрэяў у канцэнтрацыйныя лагеры. 16—20 жніўня былі забітыя апошнія вязні беластоцкага гета. Да канца лета былі ліквідаваныя апошнія гета ў заходняй Беларусі — у гарадах Глыбокае і Ліда.
Дзесяцігоддзе таталітарнага сталінскага тэрору прытупіла чуйнасць людзей, якія прызвычаіліся да масавых забойстваў. У выніку нацысты сутыкнуліся з грамадствам, пазбаўленым эмоцый: «Справа была не толькі ў антысеміцкіх настроях. Насельніцтва гарадоў і вёсак у Беларусі, Расіі і Украіне не ненавідзелі яўрэяў, а проста ставіліся да іх абыякава. Жыццё і смерць незнаёмага чалавека, асабліва прадстаўніка іншага этнасу, іх не хвалявала»[11].
Дачыненні паміж яўрэямі і неяўрэямі мелі на тэрыторыі Беларусі свае асаблівасці. Даследчыкі згаджаюцца, што пасля абвастрэння антысеміцкіх настрояў, антысемітызм быў менш уласцівы Беларусі, чым суседнім краінам[12]. У афіцыйным ліставанні прадстаўнікі нямецкай акупацыйнай улады скардзіліся, што мясцовае насельніцтва Беларусі цяжка падштурхнуць да гвалту супраць юдэяў і што беларусы «не разумеюць расавай небяспекі, якая зыходзіць ад яўрэяў»[13]. Аднак мясцовыя жыхары па-рознаму ставіліся да Халакосту, і шмат хто быў шакаваны жудасным вынішчэннем яўрэяў. М. Дын апісвае рэакцыю беларусаў у Барысаве падчас карнай аперацыі супраць мясцовых яўрэяў, якую ў кастрычніку 1941 г. праводзіла Айнзацгрупа В. Калі ў горадзе збіралі яўрэяў, што адбывалася на вачах усяго насельніцтва, сёй-той з мясцовых жыхароў не хаваў варожасці і казаў немцам: «Забіце іх, яны нас папамучылі». Але, калі ўвечары людзі верылі, што некаторыя яўрэі заслугоўваюць смерці, на наступны дзень яны ўжо думалі сабе: як гэта так? За раз забіць 6500 яўрэяў? Калі сёння нішчаць яўрэяў, дык заўтра, пэўна, чарга дойдзе да нас[14].
Шмат хто з яўрэяў захавалі добрыя пачуцці да беларусаў. У сваіх успамінах пра Халакост яны асабліва падкрэслівалі ўдзячнасць беларусам і расіянам, якія зрабілі ўсё магчымае, каб выратаваць іх жыцці[15]. Людзі, якія прыхільна ставіліся да савецкай улады, спачувалі і дапамагалі яўрэям, але абураліся, калі бачылі, што яўрэі пакорліва даюць сябе забіць, не робячы аніякіх спробаў бунтавацца ці масава сыходзіць у партызаны[16].