wd wp Пошук:

Франчэска Патрыцы

Франчэска Патрыцы іт.: Francesco Patrizi,, лац.: Franciscus Patricius, харв.: Frane Petrić або Franjo Petriš; 25 красавіка 1529 г., Црэс, (Венецыянская рэспубліка, зараз тэрыторыя Харватыі) — 6 лютага 1597, Рым) — італьянскі філосаф эпохі позняга Адраджэння.

Біяграфія

біяграфія (2000)
Della nuova geometria, 1587

Франчэска Патрыцы нарадзіўся ў 1529 г. на востраве Црэс (Чэрса) ў Далмацыі, якая ўваходзіла ў той час у склад Венецыянскай рэспублікі. Меў шляхетнае паходжанне. Выводзіў свой род з Босніі, адкуль яго сям’я збегла ад туркаў. Бацька Франчэска-старэйшы ўзначальваў мясцовы суд. Дзядзька Джорджыа Патрыцы камандваў баявой галерай. Стрыечны брат Мацей Флацыус зрабіў навуковую кар’еру ў Германіі. З маладых гадоў шмат вандраваў. Відавочна, сваякі рыхтавалі яго да кар’еры гандляра. Вывучаў эканоміку ў Венецыі. Некаторы час пад патранажам Мацея Флацыуса вучыўся ў Інгальштадце. У 1547 г. паступіў у Падуанскі ўніверсітэт, дзе першапачаткова прысвяціў сябе медыцыне, але пазней зацікавіўся грэчаскай мовай і філасофіяй. Двойчы выбіраўся паслом «ілірыйскай нацыі» — аб’яднання студэнтаў з Далмацыі. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1554 г. працаваў у розных гарадах Паўночнай Італіі. Сем гадоў правёў на Кіпры, дзе працягваў вывучэнне грэчаскай мовы, збіраў старыя грэчаскія рукапісы, якія прыбыткова прадаў пад час вандровак у Іспанію. Пасля вяртання ў Італію ў 1578 г. працаваў ва ўніверсітэце Ферары. У 1592 г. па запрашэнню кардынала Іпаліта Алдабрандзіні пераехаў у Рым, дзе выкладаў філасофію Платона да самой смерці. Аўтар каля 20 прац па філасофіі, тэалогіі, паэтыцы, навуковай метадалогіі на італьянскай і лацінскай мовах.

Філасофскія погляды

Яшчэ пад час навучання ў Падуанскім універсітэце выявіў сябе прыхільнікам вучэння Платона. У ранніх працах імкнуўся супрацьпаставіць “новы навуковы метад” перыпатэтычнаму падыходу. Пачынаючы з выдання яго “Discussiones peripateticae” (1571 г.) актыўна крытыкаваў Арыстоцеля за нібы двудушнасць, перайманне і скрыўленне ідэй Платона. Патрыцы адвяргаў арыстоцелеўскую касмалогію, сцвярджаў атамарную пабудову свету, лічыў Платона прадвеснікам хрысціянства. Гэта супярэчыла традыцыі, пакладзенай у аснову тагачаснай тэалогіі і філасофіі яшчэ Фамой Аквінскім. Патрыцы быў адным з нешматлікіх італьянскіх філосафаў другой паловы XVI ст., які адкрыта рыхтаваў асвечанае грамадства да новай навуковай сістэматызацыі ведаў.

Унёсак у навуку

Франчэска Патрыцы быў выдатным матэматыкам, напісаў некалькі прац па геаметрыі, лічыў матэматыку асновай фізікі. Некалькі яго інжынерных праектаў былі выкарыстаныя ўладамі Ферары для абароны горада.

Выступіў за вылучэнне гісторыі з літаратуры ў самастойную сферу ведаў. У сваіх ранніх працах “Artis historiae penus. Octodecim scriptorum tam veterim quam recentiorum monumentis” і “Della Historia dieci dialoghi” ён вызначыў галоўнае адрозненне гісторыі ад літаратуры: літаратар праўдападобна прыдумляе, а гісторык імкнецца адшукаць праўду. Ф. Патрыцы лічыў, што чалавечая прырода нязменна, а таму аднолькавыя дзеянні прыводзяць да аднолькавых вынікаў. Такім чынам, спасціжэнне мінулага дапамагае прадбачыць будучыню. Ён сістэматызаваў вядомыя ў тую пару правілы крытыкі гістарычных крыніц і заклікаў да абмежаванага ўжывання рытарычных прыёмаў.

Садзейнічаў перакладу і распаўсюджванню ведаў аб антычнай рыторыцы, ваеннаму мастацтву, інжынерыі.

Спіс твораў

На лацінскай мове

На італьянскай мове

Зноскі

  1. Palumbo M. Francesco PATRIZI // Dizionario Biografico degli Italiani — 2014. — Vol. 81. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Francesco Patrizi Da Cherso // Vegetti Catalog of Fantastic Literature
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118641522 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1529 годзе
Катэгорыя·Філосафы XVI стагоддзя
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Прыморска-Горанскай жупаніі
Катэгорыя·Памерлі ў Рыме
Катэгорыя·Багасловы Італіі
Катэгорыя·Выкладчыкі Ферарскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў 1597 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Лацінамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Падуанскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Памерлі 6 лютага
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Філосафы Італіі
Катэгорыя·Постаці харвацкай філасофіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 красавіка