wd wp Пошук:

Фальварак Ракуцёўшчына

Фальварак Ракуцёўшчына — былая сядзіба шляхціца В. Лычкоўскага на паўднёвай ускраіне вёскі Ракуцёўшчына (Маладзечанскі раён). У сядзібе размяшчаецца музей, прысвечаны Максіму Багдановічу. З’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Гісторыя

Гумно

Летам 1911 г. у сядзібе гасцяваў беларускі паэт М. Багдановіч. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!» — так назваў паэт гэты час. Тут ён напісаў два цыклы вершаў: «Старая Беларусь» і «Места» (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы «Ў вёсцы» і «Вераніка».

Мемарыяльная шыльда М.Багдановічу

Музеіфікацыя ракуцёўшчынскіх месцаў пачалася ў 70-х гг. XX стагоддзя. У 1977 г. у в. Ракуцёўшчына на ўспамін аб знаходжанні там паэта пастаўлены два помнікі-валуны: адзін як вечная свечка памяці, на другім — выбіты радкі з «Санэта» М. Багдановіча. У 1981 г. у вёсцы каля помніка вядомымі беларускімі пісьменнікамі пасаджаны мемарыяльны «Максімаў сад» (70 дрэў)[1]. У 1994 г. тут створаны філіял музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына». У 2014 г. у выніку рэарганізацыі музей стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Сядзіба

“Фальварак Ракуцёўшчына” ўключае ў сябе: сядзібу Лычкоўскіх (Дом гаспадара, Дом арандатара, гаспадарчую пабудову гумно), тэрыторыю вакол сядзібы, крыніцу Максіма, помнік і пісьменніцкі парк. Музейны комплекс узнавіў планіроўку сядзібы дробнапамеснага шляхціца канца 19-пач. 20 ст. з усімі пабудовамі і агароджай уяўляе замкнёны прамавугольнік прыкладна 50Х50 метраў.

Экспазіцыя музея

Пры стварэнні музея зроблена спроба паказаць жыццё небагатай шляхты ў пач. ХХ ст.

Дамок арандатара

Пакой Максіма

У першую чаргу быў адноўлены “дамок арандатара”, дзе жыў М.Багдановіч асобна ад гаспадароў фальварка. У гэтым дамку, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася. Паколькі да гэтага часу не выяўлена ніводнага прадмета, звязанага з паездкай Багдановіча ў 1911 годзе на Беларусь, у інтэр’еры двух пакояў “дамка арандатара” былі выкарыстаны прадметы побыту ХХ ст., якія знойдзены ў фальварку і навакольных мясцінах: драўляны ложак, стол. На ім размешчаны кнігі французскіх аўтараў, якімі захапляўся М.Багдановіч (П.Верлен, Г.Флабэр, Ш.Бадлер). Над сталом лунае птушка з саломкі, як сімвал паэтычнага натхнення. Цэнтральнае месца займае фотаздымак дзевятнаццацігадовага Максіма Багдановіча, побач − яго адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок” (1913 г.), фотаздымкі сяброў Антона і Івана Луцкевічаў, В.Ластоўскага, паштоўкі з выявамі Вільні.

Дом гаспадара

У Доме гаспадара ўзноўлены інтэр’еры гасцёўні, кухні, створаны дзіцячы пакой. Самая вялікая частка экспазіцыі размясцілася ў гасцёўні. Рэканструкцыя інтэр’ера гэтага пакоя суправаджалася стварэннем некалькі рамантызаванай атмасферы, на якую звяртала ўвагу ў сваіх успамінах Я.Шабуня. Менавіта тут маладога паэта сустракалі гаспадары з беларускай гасціннасцю і шчырасцю, былі яго суразмоўцамі і дарадцамі. Для стварэння адпаведнага настрою і адлюстравання тагачаснага жыцця шляхціца выкарыстаны кнігі і газеты, якія падкрэсліваюць адукаванасць гаспадара, яго актыўную жыццёвую пазіцыю, цікаўнасць да гісторыі і літаратуры. Асаблівую ўтульнасць пакою надае вялікі круглы стол, які займае цэнтральнае месца і сервіраваны для гарбаты. Экспануюцца фотаздымкі родных гаспадара, Зоф’і Лычкоўскай, Эміліі Шабуні і яе дачкі Яніны, да якой вельмі цёпла ставіўся М.Багдановіч. Кухня ў дамах дробнай шляхты выкарыстоўвалася па сваім прамым прызначэнні − для прыгатавання ежы і захоўвання прадуктаў. Яе інтэр’ер адноўлены часткова, экспануюцца тыповая мэбля і прадметы хатняга ўжытку. Вязанкі часныку і цыбулі, сушаных яблыкаў і зёлак ствараюць адчуванне таго, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары, гасцінныя і шчодрыя.

Гумно

Уявіць тагачаснае жыццё беларусаў, “поўнае штодзённага клопату”, можна пры наведванні гумна, якое раней служыла для захавання і сушкі снапоў і іх далейшага абмалоту. У экспазіцыі прадстаўлены прылады працы селяніна: сярпы, цапы, жорны, малацілка, веялка, сячкарня, прылады для апрацоўкі ільну. У цэнтры − тагачасныя транспартныя сродкі: сані і воз − узор сталярнай і кавальскай працы. Прадстаўлены таксама вялізныя карабы для захоўвання зерня, пляцёнкі з лазы і саломы, бочкі для квашэння агуркоў і капусты, кубельцы для сала, дзежкі.

Дзейнасць

У музеі ладзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці (25 траўня) і Дня нараджэння М.Багдановіча (9 снежня), якія ўключаюць ускладанне кветак ля помніка ў Максімавым садзе, правядзенне імпрэз, літаратурных вечарын.

Ракуцёўскае лета

Штогод тут адбываецца свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета», прысвечанае памяці Максіма Багдановіча: у ліпені на тэрыторыі музея збіраюцца паэты, музыкі і спевакі, ладзяцца выступы на творы М.Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў

Зноскі

  1. Филиал музея «Фольварк Ракутёвщина». Историческая справка Архівавана 22 снежня 2009. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Максім Багдановіч
Музеі паводле алфавіта
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Музеі Маладзечанскага раёна
Род Лычкоўскіх
Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Сядзібы Беларусі
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных