Утар-Прадэш (англ.: Uttar Pradesh), штат на поўначы Індыі, гранічыць з Непалам, а таксама са штатамі Мадх’я-Прадэш, Хімачал-Прадэш, Утаракханд, Хар’яна, Чхатысгарх, Джаркханд, Біхар, Раджастхан, саюзнай тэрыторыяй Дэлі. Займае 5-е месца сярод штатаў па плошчы (238 566 км²) і 1-е па насельніцтву (190 млн чалавек, 2008). Адміністрацыйны цэнтр — Лакхнаў.
Утар-Прадэш займае асобае месца ў індыйскай культуры: тут зарадзіўся індуізм, а таксама існуе мноства месцаў, свяшчэнных для будыстаў (у тым ліку, месца, дзе памёр Сідхартха Гаўтама). Дыялекты Утар-Прадэша паслужылі асновай для стварэння ў канцы 19 ст. літаратурнага хіндзі. Утар-Прадэш — радзіма многіх выдатных і ўплывовых індыйцаў (Джавахарлал Неру, Індзіра Гандзі і інш.).
Штат размешчаны ў асноўным у межах Інда-Гангскай нізіны, у даліне Ганга і Джамны. Клімат субтрапічны.
Чвэрць замежных турыстаў, што прыязджаюць у Індыю, наведваюць Утар-Прадэш. Галоўнае месца прызначэння — Агра, дзе размешчаныя тры помніка Сусветнай спадчыны: Тадж-Махал, Чырвоны форт і руіны былой сталіцы маголаў Фатэхпур Сікры.
Індуізм спавядае 80 % насельніцтва, іслам — 18 % (2001). Палітычныя настроі большасці насельніцтва маюць выразны левы характар. Штат з’яўляецца электаральнай і кадравай базай для сацыялістычнай Самаджвадзі парты.