wd wp Пошук:

Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі

Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі (26 красавіка 19251 сакавіка 1978) — беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч. Каталіцкі артадаксальны святар, доктар тэалогіі. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху ў эміграцыі, заснавальнік і тэарэтык беларускай артадаксальнай каталіцкай царквы, вучоны, тэолаг, педагог, выдавец, паэт. У беларускім эмігранцкім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам У. Сноп.[2][3]

Біяграфія

Нарадзіўся 26 красавіка 1925 г. у в. Латыгаль Дзісенскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. З дзяцінства праявіў вялікія здольнасці да навукі. Да пачатка Другой сусветнай вайны і акупацыі Заходняй Беларусі савецкімі войскамі скончыў некалькі класаў польскай гімназіі ў Глыбокім. У 1940 г. паступіў у Глыбоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум.

Падчас нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Глыбокім. На Глыбоччыне Уладзіслаў Рыжы пачаў нацыянальна-рэлігійную дзейнасць, прымаў удзел у арганізацыі касцельнага хору ў Глыбокім. Працаваў настаўнікам. Далучыўся да Беларускай народнай самапомачы ў Глыбоцкай акрузе. У 1943 г. быў прызначаны сакратаром аддзела моладзі Беларускай цэнтральнай рады і пераехаў у Менск. Пазней перайшоў у аддзел прапаганды Беларускай краёвай абароны.

Сябра нелегальнай Беларускай незалежніцкай партыі, выконваў адказныя даручэнні кіраўніцтва БНП. Прыкладам таму з’яўляецца эпізод падрыхтоўкі антынямецкага паўстання ў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС. Мэтай гэтага паўстання бачыўся пераход байцоў дывізіі, якая складалася пераважна з беларусаў, на бок англа-амерыканскіх войск. Аднак змова была раскрыта гестапа. Узнікла пагроза арышту, намаганнямі старшыні ЦК БНП У. Родзькі для У. Рыжага былі падрыхтаваны фальшивыя дакументы, а сам ён атрымаў заданне шукаць магчымасці для усталявання кантактаў з саюзнікамі, паказваючы перад імі БНП як антынямецкую арганізацыю.

У 1944 г. быў пераведзены да беларускага батальёна «Дальвіц», які тады фармаваўся на тэрыторыі Усходняй Прусіі. У адрозненні ад шматлікіх іншых жаўнераў батальёна, не быў дэсантаваны на тэрыторыю Беларусі. Пад канец Другой сусветнай вайны апынуўся ў англа-амерыканскай зоне акупацыі Германіі, дзякуючы чаму не быў дэпартаваны ў СССР як польскі грамадзянін. У эміграцыі спачатку жыў у Германіі, у 1946 годзе пераехаў у Бельгію. Стаў адным з ініцыятараў стварэння Саюза беларусаў у Бельгіі, а пазней стаў старшынёй ягонага Цэнтральнага Камітэта. Прымаў удзел у арганізацыі беларускага студэнцкага саюза ў Лёвенскім каталіцкім універсітэце. Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў эмігранцкага перыядычнага выдання «Беларуская Праўда» (19461947), а неўзабаве пачаў выдаваць часопіс «За незалежнасьць».

На пачатку 1950-х гадоў знаходзіўся ў Рыме. Вучыўся ў ватыканскім тэалагічным інстытуце «Russicum». За арганізацыю беларускага гуртка і грамадскую дзейнасць[Крыніца?] быў выключаны з ліку студэнтаў. Пэўны час жыў у Iспаніі. Паступіў у Мадрыдскім універсітэце, быў адным з арганізатараў мясцовага беларускага студэнцкага саюза. У Мадрыдзе выдаваў часопіс «Беларускі прапаведнік». Прыкладаў намаганні па арганізацыі беларускіх праграм на радыё.

У 1946 г. пераязджае ў ЗША, дзе пры атрыманні амерыканскага грамадзянства змяняе прозвішча з Рыжы на Рыжы-Рыжскі (Ryzy-Ryski). Вучыўся ў Прынстанскім універсітэце, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Працаваў выкладчыкам у гэтым жа ўніверсітэце. Ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Інстытута Льва Сапегі (Іспанія-ЗША). Выкладаў у Жэнеўскім каледжы ў Пенсільваніі.

Будучы прыхільнікам ідэі беларускай царкоўнай аўтакефаліі, адмовіўся ад далучэння да Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква і ў 1960 г. далучыўся да Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы. Заснавальнік і тэарэтык беларускага артадаксальнага каталіцкага[Крыніца?] руху ў эміграцыі і «місійнай Старакаталіцкай Субожні». Са студзеня 1960 г. абвясціў сам сябе апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў. Праводзіў арганізацыйна-адміністрацыйную дзейнасць па стварэнні і функцыянаванні беларускай артадаксальнай каталіцкай царквы як альтэрнатывы Каталіцкай Царкве з цэнтрам у Рыме і «экспансіі польскага каталіцызму».

Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі заснаваў новую рэлігійную арганізацыю «Беларуская каталіцкая субожня» і ўзначаліў яе ў званні апостальскага візітатара. Яна пазіцыянавалася як «незалежная ад Ватыкана каталіцкая царква» для беларускага народа. Для папулярызацыі сваіх поглядаў і інфармавання аб дзейнасці «Субожні» ён у маі 1960 г. выдаў у Прынстане (штат Нью-Джэрсі) першы нумар часопіса «Беларускі каталік», а з 1960 па 1961 гады выпусціў на лацінцы 14 нумароў часопіса «Biełaruskaja Chryścijanskaja Artadaksalna-Katalickaja Subožnia. (Naślednica Litouskae Jadnoty)». Назва другога часопіса сведчыць аб пераіменаванні арганізацыі ў «Беларускую праваслаўна-каталіцкую субожню».

У 1965 годзе быў узведзены ў святарскі сан Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы, наступнага дня стаў епіскапам Лаканійскім, Новага Хэмпшыра і Новай Англіі, а з 1967 года стаў архіепіскапам. У ягонай архіярэйскай хіратоніі былі наступныя асобы: Уладзімір I Прафета (патрыярх), Пётр Журавецкі, (мітрапаліт) і Лорэнс Ф. П’ер (епіскап). У 1968 г. арганізаваў для падрыхтоўкі святароў Універсітэт народаў Амерыкі ў ЗША, на яго базе адкрыўся Інстытут Беларусаведы св. Ефрасінні Полацкай «Беларусікум». На 1972 год, калі Уладзіслава Рыжага адлучылі ад Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы, ён паспеў высвяціць 17 незалежных патрыярхаў, імкнучыся стварыць міжнародную арганізацыю. У сан патрыярхаў ён узводзіў звычайна «незалежных епіскапаў», якія амаль ці зусім не мелі прыхаджанаў. У тым жа годзе заснаваў сваю юрысдыкцыю, якая неўзабаве атрымала назву Сусветны Амерыканскі Патрыярхат (САП), а Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі стаў патрыярхам.

Памёр 1 сакавіка 1978 г. у Нью-Ёрку.

Публіцыстыка, літаратурная творчасць

Аўтар рэлігійна-філасофскіх прац «Чалавек у гісторыі», «Матэрыялістычнае талкаваньне гісторыі», «Выклад інстытуцыі хрысьціянскай рэлігіі Яна Кальвіна». Тэалагічна-філасофскую дактрыну і сутнасць беларускага артадаксальнага каталіцызму выклаў у працы «Веравызнаньне беларускай хрысьціянскай Артадаксальна-Каталіцкай Субожні».

Рэдагаваў і выдаваў рэлігійны часопіс «Беларускі каталік». Супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім друкам («Беларускі голас», «Баявая Ўскалось» і інш.). Сябра літаратурнага згуртавання «Баявая Ўскалось». Аўтар паэтычнага зборніка «Маці мая».

Зноскі

  1. http://www.anti-raskol.ru/pages/2813
  2. Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 26.02.2019.
  3. Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (28):
Катэгорыя·Памерлі ў Нью-Ёрку
Катэгорыя·Члены Беларускай народнай самапомачы
Катэгорыя·Выпускнікі Прынстанскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі
Катэгорыя·Багасловы Беларусі
Катэгорыя·Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
Катэгорыя·Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1925 годзе
Катэгорыя·Постаці беларускай эміграцыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Памерлі 1 сакавіка
Катэгорыя·Члены Беларускай краёвай абароны
Катэгорыя·Постаці беларускага каталіцтва
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выкладчыкі Прынстанскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Дактары багаслоўя
Катэгорыя·Члены 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС
Катэгорыя·Члены Беларускай Народнай Грамады (1941)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце (1921—1940)
Катэгорыя·Памерлі ў 1978 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 красавіка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Камплутэнсэ
Катэгорыя·Члены Беларускай цэнтральнай рады
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Глыбоцкім раёне