wd wp Пошук:

Уладзімір Яўгенавіч Солтан

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Солтан. Уладзімір Яўгенавіч Солтан (9 студзеня 1953, Баранавічы — 1 чэрвеня 1997) — беларускі кампазітар.

Біяграфія

Скончыў Брэсцкае музычнае вучылішча (1974), Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1979) і асістэнтуру-стажыроўку (1983) пад яго ж кіраўніцтвам. Член Саюза кампазітараў Беларусі (1980). З 1983 года выкладчык Беларускай акадэміі музыкі. Працаваў на кафедры iнструментоўкi, аранжыроўкi i чытання партытур, якую тады ўзначальваў Уладзiмiр Дарохiн.

Творчасць

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Музыка У. Солтана вызначаецца інтанацыйнай выразнасцю, насычанай эмацыянальнасцю, выкарыстаннем нацыянальных і фальклорных элементаў. Найзначнейшае творчае дасягненне — опера «Дзікае паляванне караля Стаха» (1988), найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі[2].

На пачатку творчага шляху У. Солтан захапляўся вакальнымі жанрамі, але яго цікавілі і аркестравая, і камерна-інструментальная музыка. З ліку найбольш вядомых твораў гэтага часу — сюіта для камернага аркестра «Думкі і настроі», якая кранае шчырасцю, эмацыянальнасцю, меладыйнай выразнасцю. Наступным творчым крокам У. Солтана сталі дзве сімфоніі. Змест Сімфоніі № 2 абумоўлены героіка-драматычнай вобразнасцю. Суровы, напружаны каларыт гучання толькі зрэдку перарываецца лірычнымі інтанацыямі распеўных мелодый ці, як у фінале, танцавальнымі тэмамі. Сімфонія выяўляе характэрныя рысы творчасці кампазітара: адзінства цэлага, меладычны, распеўны тэматызм, частае і працяглае выкарыстанне поліфанічнай тэхнікі і асцінатных рытмавых формул, насычанае гучанне сімфанічнага аркестра. Адначасова з сімфоніяй кампазітар стварыў Канцэрт для аркестра, шмат мініяцюр для розных інструментаў. У 1987 г. ён напісаў Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам — твор маштабны, экспрэсіўны, з пераканаўчай музычнай драматургіяй. Развіты тэматызм, насычаная фактура, віртуозная партыя саліруючага інструмента — усе гэтыя асаблівасці Канцэрта сведчаць пра яскравы талент і інтэнсіўны творчы рост аўтара.

У канцы 1980-х гадоў У. Солтан скончыў працу над операй «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча. Ініцыятарам стварэння і пастаноўкі гэтай оперы выступіў оперны спявак Віктар Скорабагатаў, лібрэта напісала літаратарка і перакладчыца Святлана Клімковіч, якая асабіста ведала У. Караткевіча[2]. Асноўны канцэптуальны сэнс і пафас оперы сканцэнтраваны на паказе трагічнай барацьбы супраць цемры і зла, увасабляемых праз «дзікае паляванне». Музычная мова оперы мае розныя стылявыя вытокі: з аднаго боку фальклор, які набывае арыгінальную трактоўку, а з другога — прыёмы стылізацыі, традыцыі «вялікай оперы». Прэм’ера оперы з вялікім поспехам прайшла ў 1989 годзе у Тэатры оперы і балета Беларусі. У 1990 годзе опера атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана — оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці Кастуся Тарасава «Чорны шлях»; лiбрэта зноў напісала Святлана Клiмковiч), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, хары на вершы Я. Купалы, Ф. Цютчава, пecні і музыка да кінафільмаў «Жил-был Пётр» (1983), «Юрка – сын командира» (1984), тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (1998; 34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

Творы

Оперы

Вакальна-інструментальная музыка

Аркестравая музыка

Камерна-інструментальная музыка

Вакальная музыка

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 Vladimir Soltan // Discogs — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 Яноўская, А. Віктар Скарабагатаў: Ні адна беларуская опера не ўтрымалася ў рэпертуары даўжэй, чым «Дзікае паляванне караля Стаха» // Звязда. 2021. 9 ліп. https://zviazda.by/be/news/20210709/1625833870-viktar-skarabagatau-ni-adna-belaruskaya-opera-ne-utrymalasya-u-repertuary.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (22):
Нарадзіліся ў 1953 годзе
Нарадзіліся 9 студзеня
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Кампазітары СССР
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Памерлі ў Мінску
Памерлі ў 1997 годзе
Загінулі ў транспартных здарэннях
Музыканты паводле алфавіта
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Оперныя кампазітары
Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Нарадзіліся ў Баранавічах
Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы
Памерлі 1 чэрвеня
Члены Беларускага саюза кампазітараў
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Кампазітары Беларусі
Асобы