У́бінскае (руск.: У́бинское[2]) — бяссцёкавае прэснаводнае возера ў Новасібірскай вобласці Расіі, на тэрыторыі Барабінскай нізіны.
Плошча паверхні возера 436 км². Даўжыня 37 км, найбольшая шырыня 17 км. Глыбіня да 4[2] м. Возеру ўласцівы ваганні ўзроўню вады да 2[1] м. Пераважаючыя глыбіні ў перыяд высокай вады складаюць 2—2,8[1] м, плошча паверхні да 440 км². У малаводны перыяд сярэдняя глыбіня возера складае 0,6 м, найбольшая — да 1[1] м. Плошча вадазбору 2990[1] км². Жыўленне пераважна з балотаў і снегавое. У перыяд высокай вады існуе сцёк па рацэ Убінка ў раку Ом. Катлавіна возера авальнай формы, выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны пакатыя і забалочаныя. Дно возера роўнае, гліністае, высланае тоўстым слоем ілу. Па дне возера праходзіць прыдонны ўвал (працяг Каргацкай грывы)[1]. На возеры 5[2] астравоў. Замярзае ў лістападзе, ускрываецца ў другой палове мая[1]. Возера мезатрофнае, значна зарастае[1].
Каля возера знаходзяцца некалькі сельскіх населеных пунктаў. Буйнейшы — Чорны Мыс (каля паўночнага берага). На беразе возера знаходзіцца Зарэчна-Убінскі курганны могільнік VI—XVII стст. (160 курганаў).