У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Булат. Сцяпа́н Гера́сімавіч Була́т (11 мая 1894, Слабада, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 24 ліпеня 1921, Масква) — беларускі палітычны дзеяч, журналіст[1].
З сям’і батрака. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы, экстэрнам здаў экзамены за курс настаўніцкай семінарыі[1] і з 1913 г. настаўнічаў у Дзешчанскім народным вучылішчы Мінскага павета.
У 1915—1916 гг. і 1918—1919 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце[1]. У 1916 г. мабілізаваны ў армію, скончыў Віленскае народнае вучылішча, служыў у 153-м пяхотным палку, прапаршчык. У канцы снежня 1917 г. дэмабілізаваны як настаўнік, працаваў у Слабадскім народным вучылішчы Мінскага павета.
Сябра арганізацыі «Маладая Беларусь», якая ў канцы 1919 г. пераўтвораная ў Беларускую камуністычную арганізацыю. У часе акупацыі Беларусі польскімі войскамі сябра Цэнтральнага камітэта Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага камітэта[1], займаўся арганізацыяй партызанскага руху ў Менскім павеце, вёў прапаганду ідэй савецкай улады. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, Беларуская камуністычная арганізацыя, аднак, стаяла на беларускіх пазыцыях і адстойвала ідэю стварэння беларускай дзяржаўнасці[2]. Па заняцці Менска бальшавікамі ўступіў у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. У ліпені — жніўні 1920 г. працаваў у Менскім губернскім аддзеле народнай асветы[1]. З жніўня 1920 г. загадчык аддзела Цэнтральнага камітэта КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня». З лютага 1921 г. сябра Цэнтральнага бюро, з траўня 1921 г. 3-і сакратар Цэнтральнага камітэта КП(б)Б і загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела[3]. Адзін з падпісантаў «Заявы 32-х», якая з’яўлялася спробай распрацаваць і прапанаваць партыйнаму кіраўніцтву накід платформы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння савецкай Беларусі з улікам становішча па выніках Рыжскага міра. Былі зроблены прапановы пашырыць рэспубліку на ўсход, распачаць беларусізацыю краю, надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. У 1930-х гг. група падпісантаў кваліфікавалася як «група, што змагаецца супраць генеральнай лініі камуністычнай партыі, за адкол групы беларусаў (камуністаў) ад КПБ»[4].
Памёр 24 ліпеня 1921 года ў Маскве пасля другой аперацыі[5]. Пахаваны 28 ліпеня а 19-й гадзіне вечара на Старажоўскіх могілках у Менску[5]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гг. былі выраўнены бульдозерам[6]. Ёсць звесткі, што рэшткі Булата былі перанесены на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч не змог знайсці яго магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць знішчана ў часе пашырэння вуліцы Даўгабродскай, альбо рэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[7].
Яго памяці прысвечаныя вершы Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата»[1], Міхася Чарота «Дарогай памяці Сцяпана Булата», Змітрака Бядулі «На смерць Сцяпана Булата». Імя Сцяпана Булата было нададзена 31-й менскай сямігадовай беларускай школе[8].