wd wp Пошук:

Справа TUT.BY

Справа TUT.BY – крымінальны пераслед медыяцэнтра TUT.BY па абвінавачванні ў атрыманні незаконнага прыбытку і няпоўнай выплаты падаткаў. Адбылася на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі, які пачаўся ў 2020 годзе.

Перадгісторыя

25 верасня 2020 года стала вядома, што па запыце Міністэрства інфармацыі партал хочуць пазбавіць рэгістрацыі ў якасці СМІ[1][2]. Пасяджэнне суда па іску прызначана на 8 кастрычніка 2020 года[1][2]. 1 кастрычніка 2020 года ў падтрымку сваёй іскавой заявы і за асвятленне парталам пратэстаў у Беларусі (2020) Міністэрствам інфармацыі была прыпынена рэгістрацыя TUT.BY у якасці СМІ на тры месяцы[3]. Сам рэсурс заявіў, што пакуль мае намер працягнуць працу[3]. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала такую палітыку ў адносінах да медыя[4].

У кастрычніку 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў і рэдакцыі шэрагу незалежных СМІ выступілі з сумеснай заявай з нагоды ціску на партал TUT.BY і абмежавання доступу да незалежных сайтаў[5][6]. У сумеснай заяве ЗША і яшчэ больш за пяцідзесяці краін і ЕС аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 26 кастрычніка 2020 года было сказана, што «нядаўнія захады адносна Tut.by, найбуйнейшага беларускага незалежнага СМІ, павінны спыніцца»[7][8]. Блогер Сяргей Ціханоўскі ў лісце да рэдакцыі «Брестской газеты» ў лістападзе 2020 года асудзіў рэпрэсіі ўладаў у адносінах да журналісцкай супольнасці, у прыватнасці тое, што TUT.BY «душаць»[9].

Журналістка Кацярына Барысевіч, якая напісала артыкул пра забітага Рамана Бандарэнку ў 2020 годзе, была арыштавана ў Мінску 19 лістапада 2020 года[10]. 2 сакавіка 2021 года была прыгавораная да шасці месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў 100 базавых велічынь[11].

Затрыманне супрацоўнікаў і закрыццё афіцынага сайта

“ТАА «Тут бай Медыя» ў 2019 годзе атрыманы статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Пасля гэтага кампанія стала плаціць меншыя падаткі. Аднак паводле звестак Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Tut.by была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. На падставе прадастаўленых ДФР звестак аб дапушчаных ТАА парушэннях Назіральнай радай ПВТ 18 мая 2021 года прынята рашэнне аб страце ТАА «Тут бай Медыя» права на падатковыя льготы. Органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачалі неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. У дачыненні да службовых асоб Tut.by распачата крымінальная справа па нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у гэты ж дзень заявіла, што Tut.by распаўсюджваў інфармацыю ад фонда салідарнасці «Байсол», які не мае рэгістрацыі ў Беларусі (хоць зарэгістраваны за мяжой). Чыноўнікі палічылі, што гэтага дастаткова для блакіроўкі сайта. Ператрусы прайшлі у офісах і дома ў многіх журналістаў[12].

Па стане на 25 мая 2021 года па справе TUT.BY 12 чалавек былі змешчаны ў СІЗА (генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактарка Вольга Лойка, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка, журналістка Алена Талкачова, галоўная бухгалтарка Анжэла Асад, намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік, галоўная інжынерка Ала Лапатко, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, менеджэр Андрэй Аўдзееў, дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктарка Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава); тры чалавекі (юрыстка Кацярына Ткачэнка, былая юрыстка Ірына Касцючэнка, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская) знаходзіліся пад хатнім арыштам[13]. 25 мая 2021 года дзевяць арганізацый (Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр і іншыя) выступілі з сумеснай заяваю і прызналі ўсіх 15 палітычнымі зняволенымі[13].

Судовыя разбіральніцтвы

24 чэрвеня 2021 года пачалося слуханне аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў сайта TUT.BY i яго сацыяльных сетак; суд адклаў разбіральніцтва па гэтай справе на неазначаны тэрмін[14].

7 ліпеня Эканамічны суд Беларусі разгледзіў скаргу медыяхолдынга на МУС і прызнаў законным рашэнне спецыяльнай камісіі, на падставе якога МУС просіць прызнаць матэрыялы сайта і сацыяльных сетак TUT.BY экстрэмісцкімі. Кампанія вырашыла падаць апеляцыю[15].

Zerkalo.io

8 ліпеня 2021 года частка журналістаў TUT.BY, якая засталася на волі, прэзентавала часовы сайт Zerkalo.io[16]. Паводле рэдакцыі, ён скончыць сваё існаванне, калі TUT.BY зможа легальна аднавіць сваю працу ў Беларусі з усім архівам публікацый[16]. У той жа дзень доступ да сайту Zerkalo.io ў Беларусі быў заблакаваны[17].

9 жніўня 2021 года стала вядома, што МУС жадае прызнання Zerkalo.io экстрэмісцкім матэрыялам, слуханні аб гэтай справе будуць праходзіць 13 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. 13 жніўня матэрыялы Zerkalo.io і TUT.BY суд прызнаў экстрэмісцкімі[18].

Вызваленне

11 сакавіка 2022 года тром фігурантам «справы» змянілі меру стрымання ў выніку чаго, яны выйшлі з СІЗА[19]. Праз некалькі дзён яшчэ тры фігуранты апынуліся на свабодзе[20] Яшчэ адна фігурантка выйшла на свабоду ў сярэдзіне траўня.

Зноскі

  1. 1 2 TUT.by грозит потеря статуса СМИ(руск.) . Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 25 верасня 2020.
  2. 1 2 TUT.by пагражае страта статусу СМІ (бел.) . Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 25 верасня 2020.
  3. 1 2 Belarus: Tut.by news site ban comes into force | DW | 01.10.2020(англ.) . Deutsche Welle (1 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 1 кастрычніка 2020.
  4. Kritik an Lukaschenkos Medienpolitik(ням.) . Рэпарцёры без межаў (6 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2020. Праверана 6 кастрычніка 2020.
  5. Друкарня адмаўляецца друкаваць незалежную “Брэсцкую газету” (бел.) . Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2020. Праверана 1 снежня 2020.
  6. Типография отказывается печатать независимую “Брестскую газету”(руск.) . Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2020. Праверана 1 снежня 2020.
  7. Joint Statement on the Human Rights Situation in Belarus(англ.) . U.S. Embassy in Belarus (28 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020.
  8. Сумесная заява аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (бел.) . Амбасада ЗША ў Беларусі (28 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 28 кастрычніка 2020.
  9. Сергей Тихановский: «Очень переживаю за давление на журналистов и журналистику»(руск.)  // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
  10. Гуштын, Адар’я. Журналиста TUT.BY Катерину Борисевич перевели в СИЗО на Володарского. Письма ей почти не доходят(руск.) . TUT.BY (27 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2020. Праверана 30 лістапада 2020.
  11. Belarus journalist sentenced for report on protester’s death(англ.) . Associated Press (2 сакавіка 2021). Праверана 4 сакавіка 2021.
  12. nn.by
  13. 1 2 Заява аб прызнанні 15 затрыманых па справе TUT.BY палітычнымі зняволенымі (бел.) . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (25 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 25 мая 2021. Праверана 25 мая 2021.
  14. Чем закончился процесс о признании продукции TUT.ВY экстремистскими материалами? Архівавана 7 красавіка 2022. // Intex Press
  15. Суд в Минске счел законным решение комиссии, назвавшей контент tut.by экстремистским // ТАСС
  16. 1 2 «Когда независимых медиа в Беларуси становится меньше, пора запускать новые»: Команда TUT.BY запустила Zerkalo.io(руск.) . Брестская газета (8 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2021. Праверана 13 ліпеня 2021.
  17. Massive crackdown on independent media throughout Belarus(англ.) . Белсат (8 ліпеня 2021). Праверана 8 ліпеня 2021.
  18. В Беларуси признали экстремистскими портал TUT.BY и созданное его журналистами издание Zerkalo.io //Дождь
  19. https://euroradio.fm/traim-belaruskim-palitznyavolenym-zmyanili-meru-strymannya
  20. https://euroradio.fm/na-volyu-vyyshli-palitznyavolenyya-volga-loyka-alyaksandr-dayneka-i-andrey-audzeeu
Тэмы гэтай старонкі (7):
2020 год у Беларусі
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Сродкі масавай інфармацыі Беларусі
Палітычны крызіс у Беларусі (2020)
Падзеі ў Мінску
2021 год у Беларусі