Справа Ціханоўскага і іншых - крымінальная справа супраць Сяргея Ціханоўскага Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча ў арганізацыі грамадзянскіх хваляванняў і спробе захопа ўлады пачас перадвыбарчай кампаніі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. Удзельнікі справы прызнаныя палітычнымі зняволенымі і большасць іх атрымала вялікія турэмныя тэрміны.
9 мая 2020 года ў Гродне Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спецназу ў часе перадвыбарчага пікету за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі. Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню — заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, умяшальніцтва і затрыманне Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазволілі беларускім праваабаронцам зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя і прызнаць яго палітычным зняволеным[1].
30 мая стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска. Затым адбыліся ператрусы ў офісе Ціханоўскага, доме яго маці, а таксама на лецішчы, дзе сілавікі нібыта знайшлі $900 тысяч[2]. Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак)[3].
31 мая 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак, а пасля яшчэ на 15 сутак палітык Мікалай Статкевіч. 30 чэрвеня было аб’яўлена, што Мікалай Статкевіч надалей застанецца пад вартай, яму прад’яўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»)[4].
29 чэрвеня праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сяргея Ціханоўскага, а таксама некалькіх іншых арыштаваных апанентаў Лукашэнкі вязнямі сумлення[5].
25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах затрымалі Ігара Лосіка. Падчас ператрусу ў яго кватэры канфіскаваны ноўтбук, камп’ютар і тэлефон[6][7]. На блогера заведзена крымінальная справа па 342 артыкулу УК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабарончыя арганізацыі «Вясна» і «Amniesty International» прызналі Ігара палітычным зняволеным[8][9]. 9 ліпеня 2020 года шэфства над палітвязнем узяў Мануэль Сарацын, дэпутат Бундестагу[10][11].
Пасля ўтрымання ў ІЧУ Лосіка адправілі ў СІЗА-1 у Мінску, а 18 жніўня стала вядома аб пераводзе ў жодзінскае СІЗА. У зняволенні І. Лосік 42 трымаў галадоўку.
14 снежня 2021 г. Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні ў следчым ізалятары прысудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінаваўчыя прысуды таксама вынесены Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Мікалаю Статкевічу (14 год), Ігару Лосіку (15 год), Уладзіміру Цыгановічу(15 год)[12][13].