wd wp Пошук:

Смальянскі замак

Смальянскі замак, або замак «Белы Ковель» — руіны замка знаходзяцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі Смальяны (Аршанскі раён, Віцебская вобласць) на правым беразе ракі Дзярноўка. Замак пабудаваны ў 1-й чвэрці 17 ст. князем С. Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы і невялікіх камянёў. Моцна пашкоджаны ў час Паўночнай вайны ў 1708 г., канчаткова разбураны ў 1-й палавіне 19 ст. Захаваліся рэшткі вежы.

Апісанне

Рэканструкцыя выгляду замка. Павел Татарнікаў

Здзірванелая прамавугольная ў плане пляцоўка замка (100 х 200 м) толькі на 40—60 см узвышаецца над балоцістай поймай. Магчыма, у 17—18 ст. замак быў абкружаны штучным вадаёмам. Гэта пацвярджаецца яго размяшчэннем у балоцістай нізіне і адсутнасцю валоў і асабліва бастыёнаў. Прыкладна ў цэнтры прамавугольніка на невысокім узгорку знаходзяцца руіны (да 20 м вышынёй) пяціграннага вежавага выступу. Яго замкнуты аб’ём ствараецца сцяной 2—3-павярховага корпуса (магчыма, галоўнага будынка замка). 3 вежы быў выхад ва ўнутраны двор замка, абмежаваны трохпавярховымі карпусамі з квадратнымі вежамі па вуглах, высунутымі за лінію сцен, і ўязной брамай.

Ацалелая вежа знутры
Замак узімку

Муроўка замка па тыпу найбольш блізкая да так званай галандскай. У муроўцы трапляюцца сярэдніх памераў камяні, падчас па некалькі ў рад. Таўшчыня сцен ад 120 да 170 см. Памеры цэглы 8 х 13 х 29 см.

Уцалелыя дэталі вонкавага дэкору — ляпны картуш і абрамленні аконных праёмаў — пераклікаюцца з узорамі дэкору і архітэктуры 1-й палавіны 16 ст. Захаваліся таксама фрагменты інтэр’ера — сляды вітай лесвіцы, якая ішла па ўнутраным перыметры вежы, вялікая колькасць рознага памеру ніш па ўнутранай паверхні той жа вежы, арачны пераход з галоўнага корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Замак быў афарбаваны ў белы колер. У пачатку 17 ст. сцены памяшканняў размаляваны фрэскамі. Замак быў адным з буйнейшых палацава-замкавых ансамбляў на тэрыторыі Беларусі ў пачатку 17 ст.

Галерэя

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Славутасці Аршанскага раёна
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Смальяны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Замкі паводле алфавіта