Скро́бава[1] (трансліт.: Skrobava, руск.: Скробово) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавета. Размешчана за 29 км на поўнач ад Баранавіч, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Баранавічы. Насельніцтва 276 жыхароў, 118 гаспадарак (2005).
У канцы 1880-х гг. на безымяннай рэчцы, прытоку ракі Сэрвач, з назвай Скробава існавалі 2 вёскі (18 і 14 двароў) і 2 фальваркі. Адзін з іх належаў Данейкам, а другі — Анкутам. Вёскі і фальваркі ўваходзілі ў Цырынскую воласць Навагрудскага павета Мінскай губерні, працавала царкоўна-прыходская школа.
Падчас Першай сусветнай вайны ў наваколлі Скробава адбываліся жорсткія баі паміж войскамі Расійскай імперыі і Германіі.
З 1921 года ў складзе Польшчы. З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей, з 25 снежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне. З 12 кастрычніка 1940 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Скробаўскага сельсавета[2].
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Паводле перапісу 1959 годзе існавалі 2 вёскі: Скробава Горнае і Скробава Дольнае. У 1970 годзе да вёскі Горнае Скробава далучана вёска Дольнае Скробава[3].
Да 26 чэрвеня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Карчоўскага сельсавета[4].
Працуюць калгасная сядзіба, механічныя майстэрні, ветэрынарны ўчастак, клуб, бібліятэка, школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.