Серабрыстая чайка, чайка-клыгун, рагатуха (Larus argentatus) — птушка атраду сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства чайкавыя (Laridae).
Даўжыня цела 58-64 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 1,4-1,6 м (самая буйная з гняздоўных на Беларусі чаек). Самкі меншыя за самцоў. Апярэнне знізу белае, на спіне шэрае. Крылы шэрыя з чорнымі канцамі. Дзюба (даўжынёй да 6 см) жоўтая з чырвонай плямай на выступе паддзюб’я. Ногі бледна-жоўтыя. Маладыя птушкі шэра-бурыя з светлым нізам.
Арэал разарваны: узбярэжжы і суша Еўропы, заходнія, цэнтральныя, паўночныя і ўсходнія раёны Сібіры, поўнач Паўночнай Амерыкі. Насяляе скалістыя, пясчаныя або травяністыя ўзбярэжжы мораў або кантынентальных вадаёмаў; у некаторых раёнах — вялікія балоты. Пасля гнездавання — марскія прыбярэжныя раёны, вялікія азёры і рачныя даліны. У Еўропе паўднёвыя і заходнія папуляцыі аселыя, паўночныя — пералётныя. У Беларусі рэдкі і спарадычны на гнездаванні ў паўночнай частцы краіны пералётны від.[1]
Усёедная. Корміцца дробнай рыбай, яйкамі і птушанятамі, мышападобнымі грызунамі, насякомымі, ягадамі (багноўка, марошка).
Манагамная птушка. Гняздо ў калоніі, звычайна паблізу калоніі іншых птушак, на адкрытым месцы, на скалах, дзюнах, у апошні час — на дахах дамоў, часта на невялікіх земляных пагорках або ў купіне траў. На Беларусі гняздуецца невялікімі калоніямі (4-25 пар) або асобнымі парамі ў калоніях азёрных і шызых чаек.
Гняздо буйное, з грубага расліннага матэрыялу і ламачча. Гэта няшчыльная і багатая чаша, знешняя частка з кавалкаў і цэлых галінак, унутраная частка — з водарасцей і траў. На марскіх дзюнах гняздо часта ў выглядзе ямкі на пяску, скупа высланай сухой травой.
У Беларускае Паазер’е прылятае ў першай палове красавіка. Кладка ў канцы красавіка — першай палове мая з 2-4, часцей 3 яек памерамі 71,1 x 49,9 мм. Наседжванне 26-27 сутак. Вылупленне птушанят у канцы мая — першай палове чэрвеня. Узнімаюцца на крыло ва ўзросце каля 40 сутак. Вандроўкі і перамяшчэнні птушак у заходнім і паўднёва-заходнім напрамках з канца ліпеня. Зімуе ў Прыбалтыцы і Заходняй Еўропе.