Свяці́цкі валун — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння (з 1991). Размешчаны за 500 метраў на паўднёвы захад ад вёскі Свяціца Полацкага раёна Віцебскай вобласці, каля шашы Лепель—Полацк.
Чырвона-буры граніт рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўжыня 3,95 м., шырыня 2,3 м, вышыня 1,55 м, у абводзе 9,9 м, аб’ём 7,5 м³, маса бачнай часткі каля 20 тон. Валун мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком з Карэльскага перашыйку каля 20—18 тысяч гадоў назад.