Салаўіны цвыркун (Locustella luscinioides) — птушка з атрада вераб’інападобныя (Passeriformes), сямейства валасянкавыя (Sylviidae).
Маленькая птушка, даўжыня цела каля 13 см, маса 15—16 г. Спінны бок рыжавата-карычневы, ніз белаваты, на горле і валляку часам бываюць маленькія цёмныя трохвугольныя плямы.
Вызначальная рыса — голас. Голас: доўгае, манатоннае i сухое «трр», больш нiзкае, чым у звычайнага цвыркуна. Пад час спявання паварочвае галаву ў бакi, таму здаецца, што гук мадулюецца. Асцерагае гарлавым «цiк».
Арэал: разарваны; Паўднёвая, Цэнтральная i Усходняя Еўропа, паўночны захад Афрыкі і Цэнтральная і Заходняя Азія. З 1920-х гадоў (асаблiва з 1960-х) пашырае свой арэал у Еўропе на захад i поўнач.
На Беларусі адносна рэдкі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від. Раней цвыркун адзначаўся пераважна ў паўднёвых і заходніх раёнах, адзінкавыя сустрэчы былі адзначаны ў цэнтральнай частцы краіны. Цяпер сустрэчы і ўскосныя доказы гнездавання вядомы ў Гомельскім і Жыткавіцкім раёнах. Ёсць звесткі пра рэгулярныя сустрэчы самцоў у паўночных раёнах Беларусі — Гарадоцкім, Ушацкім, Шаркоўшчынскім, Шумілінскім.
Пералётны від. Месца зімовак: Афрыка на поўдзень ад Сахары, ад Сенегала да Эрытрэi, Iран, Iрак.
Месцы пражывання: хмызнякі, цяжкадаступныя зараснікі чароту і іншай расліннасці на невялікіх забалочаных вадаёмах, рыбагадоўчых сажалках, багністых берагах азёр, старарэчышчы, забалочаныя поймавыя лясы. Засяляе вялікія па плошчы ўчасткі трыснягу з купінамі рагозу і высокіх асок, немелiярыраваныя тарфянiкi, берагі вадаёмаў з высокім чаротам і купінамі асакі і рагозу, а таксама зараснікамі вярбы з высокай травянiстай расліннасцю.
Корміцца насякомымі.
У прыдатных месцах пражывання можа лакальна збірацца ў вялікай колькасці. Гняздуецца ў хмызняках, зарасніках густых траў. Гняздо «уціснутае» ў купіну асакі або сярод заломаў сухой надводнай расліннасці, добра асветленае сонцам, над мокрым грунтам або вадой. Будуе гнёзды з лістоў рагозу, трыснягу, асакі.
У кладцы 4-6 яец памерамі 19,6 x 14,6 мм. Яйкі крыху падоўжаныя, з даволі вострым вузейшым канцом, белыя, з густымі і дробнымі плямкамі: глыбокія — светла-шэрыя, паверхневыя — шэра-карычневыя або чырвона-карычневыя.