У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лікі.
Рычард Эрскін Фрыр Лікі (англ.: Richard Erskine Frere Leakey; 19 снежня 1944, Найробі, Кенія — 2 студзеня 2022, Найробі, Кенія) — кенійскі палеаантраполаг і палітык, аўтар многіх антрапагенетычных адкрыццяў, сын Луіса Лікі і Мэры Лікі, муж Міў Лікі.
Першапачаткова не збіраўся абіраць навуковую кар’еру, падобна сваім бацькам, працуючы фатографам і гідам, займаючыся суправаджэннем турыстаў у розныя запаведнікі і арганізацыяй кіназдымак. Аднак у далейшым усё-такі заняўся пошукам рэшткаў старажытных людзей, пачынаючы з 1964 года арганізаваўшы некалькі экспедыцый. У 1972 на стаянцы Каобі Фора на ўсход ад возера Туркана групай Рычарда Лікі быў знойдзены чэрап, вызначаны ім як Homo habilis. У 1984 годзе, таксама на возеры Туркана быў знойдзены практычна поўны шкілет старажытнага чалавека, што сустракаецца ў раскопках досыць рэдка. Гэтая знаходка атрымала назву «Хлопчык з Турканы»[6].
У канцы 1980-х займаў пасады дырэктара Нацыянальнага музея Кеніі і археалагічнага дэпартамента. У 1989 годзе пакінуў музей, увайшоўшы ва ўрад Кеніі прэзідэнта Даніэля арап Моі ў якасці дырэктара Дэпартамента аховы дзікай прыроды (з 1990 года — Службы жывой прыроды), дзе актыўна займаўся барацьбой з браканьерамі. У 1993 годзе невялікі самалёт, які пілатаваў Рычард Лікі, разбіўся, сам пілот выжыў, але яго галёнкі прыйшлося ампутаваць. Мелася падазрэнне ў сабатажы з боку браканьераў, але гэта так і не даказалі. Праз некалькі месяцаў Рычард Лікі зноў навучыўся хадзіць пры дапамозе пратэзаў. Прыкладна ў гэты ж час урад Кеніі абвясціў, што сакрэтнае расследаванне знайшло доказы карупцыі і безгаспадарчасці ў Службе аховы дзікай прыроды Кеніі. Раздражнёны Лікі на прэс-канферэнцыі ў студзені 1994 года публічна падаў у адстаўку і быў заменены на Дэвіда Уэстерна.
У маі 1995 года Рычард Лікі разам з некалькімі кенійскімі інтэлектуаламі заснаваў новую палітычную партыю зялёнай і левацэнтрысцкай накіраванасці — «Сафіна» (што на мове суахілі азначае «[Ноеў] каўчэг». Спачатку яе не хацелі рэгістраваць, але ў 1999 годзе Моі па патрабаванню міжнародных донарскіх арганізацый прыйшлося прызначыць Рычард Лікі на пасаду сакратара кабінета і старшыні дзяржаўнай службы. Другі тэрмін Лікі скончыўся ў 2001 годзе, калі ён быў вымушаны зноў сысці ў адстаўку.