Рысь звычайная для Беларусі — абарыгенны від сысуноў, самы буйны прадстаўнік беларускай фаўны каціных.
У 1970-я гг. найбольшая колькасць рысяў было ў Віцебскай (каля 200), Мінскай (каля 85) і Брэсцкай (каля 80) абласцях, у трох астатніх яе колькасць не перавышала 70 асобін. У 80-х гг. адбывалася далейшае скарачэнне тэрыторыі пражывання віду. У 90-я гады найбольшая шчыльнасць рысі адзначана ў Віцебскай (0,05 асобін / 1000 га лясной плошчы), значна ніжэй яна ў Брэсцкай (0,01), Мінскай і Гомельскай (па 0,005) абласцях. На тэрыторыі Гродзенскай і Магілёўскай абласцей сустракаецца спарадычна[1].
У 2014 годзе ў лясах Беларусі налічвалася 771 асобіна рысяў, а ў 2017 годзе — 489[2].
Рэдкі від, распаўсюджаны па тэрыторыі Беларусі вельмі нераўнамерна[1]. У паўночнай частцы рэспублікі захоўваецца суцэльнае распаўсюджанне рысі, на долю Віцебскай вобласці прыпадае каля 60 % ўлічаных рысяў[1].
На пачатак 2020 года колькасць рысяў у Беларусі ацэньвалася ў 1090 асобін пры аптымальнай колькасці ў 1500 асобін[3].
Самыя буйныя лакальныя папуляцыі насяляюць у Бярэзінскім біясферным запаведніку, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку і НП «Белавежская пушча»[1].
Дадзеныя колькасці рысяў ва ўзятых пад ахову паляўнічых угоддзях паводле афіцыйнага статыстычнага зборніка “Ахова навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”[4].
Рысі жывуць у Гродзенскім, Віцебскім і Мінскім заапарках, у Магілёўскім заасадзе.
У Беларусі рысь прытрымліваецца буйных змешаных старых лясоў. Яна аддае перавагу глухім, маладаступным ўчасткам лесу з густым падлескам, заваламі і бураломам. Часцей за ўсё звяры трымаюцца ў сталых змешаных хвойна-лісцяных і хваёвых лясах. Вырашальную ролю ў выбары месцаў пражывання гуляюць багацце дзічыны, якая служыць ёй ежай, і наяўнасць спакойных участкаў для адпачынку[1]. У Бярэзінскім запаведніку аддае перавагу ялова-шыракалістым лясам, старым алешнікам (ольсам(польск.) бел.). У Віцебскай вобласці рысь трымаецца нярэдка ў яловых насаджэннях. Хмызняку, рэдкалессяў або чыста хваёвых лясоў яна пазбягае, сустракаючыся ў іх падчас пераходаў або зімой у пошуках корму. Абранага раёна рысь прытрымліваецца толькі ў перыяд размнажэння, у астатні ж час — зімой, восенню і ранняй вясной — яна перасоўваецца ў пошуках корму[1].
У пачатку 1990 і 2000-х гадоў былі праведзены даследаванні перамяшчэнняў рысі ў польскай частцы Белавежскай пушчы. Радыёашыйнікамі былі пазначаны 33 асобіны, а дадзеныя тэлеметрыі далі вялікі масіў дадзеных па іх паводзінах і спосабу жыцця[5]. Паколькі некаторыя асобіны падчас палявання траплялі і ў беларускую частку пушчы, то вынікі гэтых даследванняў маюць значэнне і датычна беларускай папуляцыі. Важным момантам таксама з’яўляецца той факт, што польскія даследчыкі выявілі, што ў польскай частцы Белавежскай пушчы насяляе ізаляваная папуляцыя еўрапейскай рысі[5]. З-за эфекту бутэлькавага рыльца мясцовыя рысі сутыкаюцца з блізкароднасным скрыжаваннем, што вядзе да некаторай дэградацыі папуляцыі, таму важна стварэнне лясных калідораў з беларускай часткай для натуральнага абмену генетычным матэрыялам.
З 2013 года ў Белавежскай Пушчы ідзе «Прыродаахоўны праект у падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы». У рамках праекта з дапамогай фотапастак і з дапамогай зімовага траплення праводзіцца маніторынг папуляцый буйных драпежнікаў, якія жывуць на тэрыторыі нацыянальнага парку, у тым ліку і рысяў[6].
Занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[1]. Адстрэл рысі афіцыйна забаронены з 1981 года[1].
У параўнальным паказальніку сюжэтаў адзначаны варыянт казкі, у якой мачыха падмяняе замужнюю пасербку сваёй дачкой і ператварае ў рысь. Рысь, скінуўшы шкуру, корміць дзіця, якога прыносіць ёй у лес служанка, бацька дзіцяці падглядае гэта, пазнае каханую жонку, спальвае рыссю шкуру, і маці-рысь прымае чалавечае аблічча, а ведзьму з дачкой караюць смерцю[7]. У беларускім фальклоры казкі з такім сюжэтам фіксавалі Е. Раманаў[8], У. Дабравольскі[9] і М. Федароўскі[10].
Выява рысі размешчана на гербе Гомеля і з’яўляецца адным з сімвалаў горада. У горадзе ўсталявана некалькі скульптур рысі, у тым ліку — на помніку першаму гамельчуку.
Рысь звычайная ў Беларусі на Вікісховішчы |