Ро́дамля — возера ў Крупскім раёне Мінскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Лукомка, за 33 км у напрамку на поўнач ад горада Крупкі, прыкладна за 1,2 км на ўсход ад вёскі Хальнявічы.
Плошча паверхні возера 0,42 км². Даўжыня 1,38 км, найбольшая шырыня 0,32 км, даўжыня берагавой лініі 2,95 км.
Катлавіна возера моцна выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны маюць вышыню да 4 м. Вакол возера забалочаная пойма шырынёй да 80 м. Берагі нізкія, пясчаныя. Дно возера выслана сапрапелем. У возера ўпадаюць ручаі, у тым ліку ў паўночна-ўсходняй частцы каналізаваны ручай з возера Чарэйскага. У паўднёва-заходняй частцы з Радомлі выцякае ручай у раку Югна.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, плотка, язь, лінь і іншыя віды рыб.