wd wp Пошук:

Роберт Броўн

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Броўн. Ро́берт Бро́ўн (англ.: Robert Brown, 1773—1858) — брытанскі батанік канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзя, марфолаг і сістэматык раслін, першаадкрывальнік «броўнаўскага руху»[6].

Біяграфія

Нарадзіўся 21 снежня 1773 года ў Мантрозе ў Шатландыі, вучыўся ў Абердзіне, у Эдынбургскім універсітэце ў 1789—1795 гадах вывучаў медыцыну і батаніку.

У 1795 годзе паступіў фенрыхам (прапаршчыкам) і памочнікам хірурга ў Паўночны полк шатландскай міліцыі, з якім знаходзіўся ў Ірландыі. Тут ён збіраў мясцовыя расліны і сустрэў батаніка сэра Джозефа Банкса.

Партрэт Роберта Броўна ў маладосці

Старанныя заняткі прыродазнаўчымі навукамі пасябравалі яго з Банксам, па рэкамендацыі якога ён быў прызначаны батанікам у экспедыцыі, адпраўленай у 1801 годзе на караблі «Інвестыгейтар» (англ.: Investigator) пад начальствам капітана Фліндэрса для даследавання берагоў Аўстраліі. Разам з мастаком Фердынандам Баўэрам ён наведаў некаторыя часткі Аўстраліі, затым Тасманію і астравы Басава праліва. Больш усяго яго цікавілі флора і фаўна гэтых краін.

У 1805 годзе Броўн вярнуўся ў Англію, куды прывёз з сабой каля 4 000 відаў аўстралійскіх раслін, мноства птушак і мінералаў для калекцыі Банкса; у яго пайшло некалькі гадоў на апрацоўку гэтага багатага матэрыялу, якога яшчэ ніхто ніколі не прывозіў з далёкіх краін. Прызначаны сэрам Банксам бібліятэкарам яго дарагога збору натуральна-гістарычных сачыненняў, Броўн выдаў кнігу «Prodromus florae Novae Hollandiae» (Лондан, 1810), якую Ок’н аддрукаваў у «Isis», a Неес фон Эзенбек у Нюрнбергу ў 1827 годзе выдаў з дадаткамі. Гэта ўзорная праца паклала пачатак новам кірунаку геаграфіі раслін (фітагеаграфіі).

З новага пункта гледжання ён разглядаў раслінны свет у «General remarks on the Botany of Terra Australis» (Лондан, 1814) і ў сваім пазнейшым сачыненні пра размеркаванне раслінных сямействаў у Аўстраліі праявіў усю глыбіню сваіх поглядаў на прыроду. Пазней ён апублікаваў яшчэ «Supplementum primum florae Novae Hollandiae» (Лондан, 1830), матэрыялам для якога паслужылі гербарыі, сабраныя найноўшымі даследчыкамі.

Ён складаў таксама аддзелы батанікі ў данясеннях Роса, Пары і Клэпертана, падарожнікаў па палярных краінах, дапамагаў хірургу Рычардсану, які сабраў шмат цікавага ў час падарожжа з Франклінам; паступова апісаў гербарыі, сабраныя Хорсфілдам (Horsfield) на Яве ў 1802—1815 гадах, Оўдні і Клэпертанам у Цэнтральнай Афрыцы, Крысціянам Смітам, спадарожнікам Такі — у час экспедыцыі па цячэнні Конга.

Член Лонданскага каралеўскага таварыства (з 1810 года). З 1810 па 1820 год Роберт Броўн кіраваў Лінееўскай бібліятэкай і вялікімі калекцыямі свайго заступніка Банкса, прэзідэнта Лонданскага каралеўскага таварыства. У 1820 годзе ён стаў бібліятэкарам і захавальнікам батанічнага аддзялення Брытанскага музея, куды пасля смерці Банкса былі перададзены калекцыі апошняга. Дзякуючы гэтым зборам і бібліятэцы і той масе раслін разнастайных краін, якімі ён заўсёды быў акружаны, Броўн быў лепшым знаўцам раслін.

Натуральная сістэма шмат чым яму абавязана: ён імкнуўся як мага большай прастаты як у класіфікацыі, так і ў тэрміналогіі, пазбягаў усякіх непатрэбных новаўвядзенняў; вельмі шмат зрабіў для выпраўлення вызначэнняў старых і ўсталявання новых сямействаў. У сваёй класіфікацыі вышэйшых раслін ён падзяліў пакрытанасенныя і голанасенныя расліны.

Ён працаваў таксама і ў вобласці фізіялогіі раслін: даследаваў развіццё пылавіка і рух плазматычных цельцаў у ім. У 1827 годзе Броўн адкрыў рух пылковых зерняў у вадкасці (пазней названы яго імем). Даследуючы пылок пад мікраскопам, ён усталяваў, што пылковыя зерні, які плаваюць у раслінным соку, рухаюцца хаатычна зігзагападобна ва ўсе бакі[7]. Броўн першым вызначыў ядро ў расліннай клетцы і апублікаваў гэтыя звесткі ў 1831 годзе. Гэтыя даследаванні змешчаны ў 4 і 5 тамах, перакладзеных на нямецкую мову Неес фон Эзенбекам «Vermischten botan. Schriften» (5 т., Нюрнберг, 1827—1834).

Заслугі Роберта Броўна ў батаніцы былі відавочныя, і ў 1849 годзе ён стаў прэзідэнтам Лінееўскага таварыства ў Лондане, дзе служыў навуцы да 1853 года.

Пасля яго смерці 10 чэрвеня 1858 года, Бенет (Bennet) выдаў «The miscellaneous botanical works of Robert Brown» (3 тома, Лондан, 1866—1868).

Роберт Броўн пахаваны на могілках Кенсал-Грын (англ.: Kensal Green Cemetery) у Лондане.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Robert Brown
  3. 1 2 Броун Роберт / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Турынская акадэмія навук — 1757.
  5. 1 2 Турынская акадэмія навук — 1757. Праверана 1 снежня 2020.
  6. Гезехус Н. А. Броуновское движение // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  7. Прычыну броўнаўскага руху растлумачылі Альберт Эйнштэйн (у 1905 годзе) і Марыян Смалухоўскі (у 1906 годзе).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Члены Нідэрландскай каралеўскай акадэміі навук
Катэгорыя·Члены Лонданскага каралеўскага таварыства
Катэгорыя·Памерлі 10 чэрвеня
Катэгорыя·Ганаровыя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук
Катэгорыя·Памерлі ў 1858 годзе
Катэгорыя·Члены Французскай акадэміі навук
Катэгорыя·Выпускнікі Абердзінскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём Коплі
Катэгорыя·Члены Баварскай акадэміі навук
Катэгорыя·Члены Шведскай каралеўскай акадэміі навук
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Кенсал-Грын
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены Дацкай каралеўскай акадэміі навук
Катэгорыя·Памерлі ў Лондане
Катэгорыя·Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Аўтары батанічных таксонаў
Катэгорыя·Члены Леапальдзіны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1773 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 снежня
Катэгорыя·Батанікі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ангусе
Катэгорыя·Падарожнікі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Члены Прускай акадэміі навук
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных