wd wp Пошук:

Прыкладное праграмнае забеспячэнне

OpenOffice Writer.

Прыкладное праграмнае забеспячэнне (ПЗ), таксама прыкладная праграма (англ.: application, application software) — карыстальніцкая камп’ютарная праграма, якая дазваляе вырашаць канкрэтныя прыкладныя задачы карыстальніка. Паняцце ўведзена, каб падкрэсліць адрозненне ад аперацыйнай сістэмы, драйвераў, бібліятэк, сістэмных утыліт і да т. п. (якія забяспечваюць функцыянаванне ўласна камп’ютарнай сістэмы і падтрымліваюць яе працаздольнасць), а таксама сродкаў і асяроддзяў распрацоўкі.

Прыкладная праграма ў сваёй працы можа абапірацца на сістэмнае праграмнае забеспячэнне і выкарыстоўвае канцэпцыі, функцыянальнасць і магчымасці, закладзеныя ў асяроддзе, дзе яна выконваецца: аперацыйнай сістэмы, моў праграмавання, бібліятэк, архітэктурных шаблонаў і г. д. Аўтаномнай ці самастойнай прыкладной праграмай (англ.: standalone application) называецца праграма, якая не патрабуе паслуг аперацыйнай сістэмы для запуску, і сустракаецца звычайна ў сістэмах на базе мікракантролераў.

Прыкладамі прыкладнога ПЗ з’яўляюцца тэкставыя працэсары, графічныя рэдактары, электронныя табліцы, браўзеры, паштовыя кліенты або медыяплэер. Часам ужываецца больш вольна для вызначэння любой праграмы, як карыстальніцкай, так і сістэмнай. У іншых кантэкстах можа азначаць дзелавы офісны пакет, які выдзяляе тым самым такі тып праграм ад гульняў і службовых праграм.

Класіфікацыя

Паводле тыпу

Па сферы ўжывання

Беларускі тэрмін

У беларускай мове тэрмін часта паўстае не адпаведна таму кансэнсусу, які склаўся ў акадэмічнай і прафесійнай перакладчыцкай супольнасці. Пад уплывам суседніх моў (напр. рускай, дзе ўжываецца бухгалтарскі па сваім паходжанні тэрмін «приложение») у беларускай мове ўзнікаюць такія кароткія формы, як «дадатак», «прыкладанне», «аплікацыя», «дастасаванне» і іншыя.[1] Гэтыя тэрміны яшчэ не фіксуюцца ў слоўніках у значэннях, блізкіх да арыгінала, і самі па сабе не адлюстроўваюць сэнс арыгінальнага поўнага тэрміна англ.: «application software» — праграмнае забеспячэнне, створанае менавіта для канечнага карыстальніка, а не для фонавых сэрвісаў і функцыянавання камп’ютара.

У той жа час, з пункту гледжання акадэмічнага тэрміназнаўства і беларускай літаратурнай мовы тэрмін «application software» належна перакладаць як «прыкладное праграмнае забеспячэнне (ПЗ)» або як «прыкладная праграма». Кароткую форму тэрміна «application» можна перакладаць як «прыкладная праграма» або проста «праграма».[2][3][4]

Гл. таксама

Зноскі

  1. У некаторых беларускіх перакладах праграм і сайтаў таксама сустракаецца варыянты дадатак, аплікацыя і дастасаванне. Паслугач не знойдзены, або Складанасці беларускамоўнай камп’ютарнай тэрміналогіі
  2. Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!) dev.by (Праверана 12 кастрычніка 2022)
  3. Свістунова, М. І. Некаторыя праблемы сучаснай беларускамоўнай ІТ-тэрміналогіі (бел.)  // 2018. Беларускае слова: тэрмін і вобраз. — Мінск: БДУ, 2018.
  4. Г. Арашонкава, А. Булыка, У. Люшцік, А. Падлужны. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі (бел.) . — Мінск: Беларуская навука, 1999. — ISBN 985-08-0317-7.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Праграмнае забеспячэнне
Катэгорыя·Камп’ютарная тэрміналогія
Катэгорыя·Прыкладное праграмнае забеспячэнне