Перано́сы[1] (трансліт.: Pieranosy, руск.: Переносы) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Малажынскага сельсавета.
У 11 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 39 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 130 км ад Гомеля.
На поўначы сетка меліярацыйных каналаў.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Забудавана драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Вядомая з пачатку XIX стагоддзя як вёска ў Брагінскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1897 годзе працаваў хлебазапасны магазін.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Пераноскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг.
У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны партызан», працавалі вятрак (з 1929 года) і гамарня. У 1959 годзе ў складзе калгасу «XVII партз’езд» (цэнтр — вёска Крыўча).