У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хайсміт. Патрыцыя Хайсміт (англ.: Patricia Highsmith; пры нараджэнні Мэры Патрыцыя Пленгман; 19 студзеня 1921, Форт-Уэрт, Тэхас, ЗША ― 4 лютага 1995, Лакарна, Швейцарыя) ― амерыканская пісьменніца.
Патрыцыя Хайсміт нарадзілася ў мястэчку Форт-Уэрт (штат Тэхас), але спачатку выхоўвалася бабуляй па матчынай лініі і жыла ў Нью-Ёрку (пазней яна назвала гэты час «маленькім пеклам»), а пазней у маці Мэры Коўтс (13 верасня 1895 года — 12 сакавіка 1991 года) і айчыма Стэнлі Хайсміта (Мэры пабралася з ім шлюбам у 1924 годзе), якія былі прафесійнымі акцёрамі. Маці Патрысіі развялася з бацькам Джэем Бернардам Пленгманам (1889—1975) за 10 дзён да нараджэння дачкі[7].
Юная Хайсміт мела даволі напружаныя адносіны з маці, часта крыўдзіла айчыма, хоць пазней часта спрабавала перацягнуць яго на свой бок у сварках з маці. Як распавяла сама Хайсміт, яе маці прызналася, што спрабавала перапыніць цяжарнасць, выпіўшы шкіпінар. Хайсміт так і не прызвычаілася да такіх адносін любові—нянавісці, якія пераследвалі яе да канца жыцця і апісаныя ёю ў апавяданні «Чарапаха» (пра хлопчыка, які забіў маці)[8]. Бабуля навучыла Патрыцыю чытаць у раннім дзяцінстве. Хайсміт праштудыявала бібліятэку маці і айчыма. Ва ўзросце васьмі гадоў Хайсміт адкрыла для сябе кнігу Карла Менінгера «Чалавечы розум» і захапілася абследаваннем пацыентаў з псіхічнымі разладамі, такімі як піраманія і шызафрэнія[9].
Па словах біёграфа пісьменніцы Эндру Уілсана ў кнізе «Прыгожы цень», жыццё Хайсміт было няпростым: яна была алкагаліцай, і яе раманы не доўжыліся больш за пару гадоў, а сучаснікам і знаёмым яна наогул здавалася чалавеканенавісніцай і жорсткім чалавекам. Яна аддавала перавагу таварыству жывёл, а не людзей. Разам з ёй жылі каты і слімакі. Апошнія, па словах Хайсміт, ўсялялі ў яе дзіўны спакой, у садзе пісьменніцы было некалькі сотняў гэтых малюскаў, часам яна нават брала некаторых з іх з сабой у падарожжы[10]. Патрыцыя Хайсміт не была замужам і не мела дзяцей. У пісьменніцы былі як лесбійскія, так і гетэрасексуальныя повязі, раманы. Адзін з вядомых усім раманаў звязаў яе з амерыканскай пісьменніцай Мэрыджэйн Мікер (англ.: Marijane Meaker)[11].
Хайсміт была рашучай атэісткай[12]. Нягледзячы на тое, што яна лічыла сябе лібералкай і ў школьныя гады ладзіла з афра-амерыканскімі студэнтамі, у наступныя гады яна лічыла, што амерыканскія мурыны вінаватыя ў крызе сацыяльнага забеспячэння ў ЗША[13]. А таксама яна не любіла карэйцаў, таму што «яны елі сабак»[14]. Патрыцыя Хайсміт называла сябе сацыял-дэмакраткай[14]. Яна верыла ў амерыканскія дэмакратычныя ідэалы і ў «абяцанні» гісторыі ЗША, але таксама вельмі крытычна ставілася да рэальнасці культуры і знешняй палітыкі краіны 20-га стагоддзя. Пачынаючы з 1963 года яна пражывала выключна ў Еўропе. Яна захавала грамадзянства Злучаных Штатаў, нягледзячы на падатковыя штрафы, на якія яна горка скардзілася, жывучы шмат гадоў у Францыі і Швейцарыі[15].
Памерла 4 лютага 1995 года ў Лакарна (Швейцарыя) ад лейкеміі[16].
Паўтаральныя матывы ў прозе Патрыцыі Хайсміт уключаюць каханне, нянавісць, апантанасць або рэўнасць. У сваіх творах яна засяроджвалася не столькі на апісанні злачынстваў, колькі на псіхалагічных асновах выканаўцаў і іх псіхалогіі[17].
У 1950 годзе яна скончыла раман «Незнаёмцы ў цягніку», які быў экранізаваны Альфрэдам Хічкокам у 1951 годзе пад назвай «Незнаёмцы з цягніку»[17]. У 1955 годзе выйшла адна з самых папулярных яе кніг «Таленавіты містар Рыплі». Вялікі поспех падштурхнуў пісьменніцу працягнуць серыю раманаў, прысвечаную герою Тому Рыплі[17]. «Цана солі» вылучаецца ў творчасці Хайсміт, якая складаецца ў асноўным з дэтэктыўных раманаў. «Цана солі» таксама вядомы як «Кэрал» ― гэта лесбійскі раман натхнёны досведам аўтара. Ён вылучаўся сярод іншых раманаў пра гомасексуальныя адносіны перш за ўсё развянчаннем стэрэатыпаў і завяршэннем гісторыі хэпі-эндам[18].
Па-беларуску раманы пісьменніцы не даступныя. Некалькі апавяданняў Хайсміт былі перакладзены Уладзімірам Шчасным, напрыклад «Гальштук Вудра Уілсана»[19].