У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мазай. Ні́на Мікала́еўна Маза́й (9 сакавіка 1950, вёска Чалюшчавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці — 26 чэрвеня 2019) — беларускі палітык і дыпламат.
Нарадзілася 9 cакавіка 1950 года ў вёсцы Чалюшчавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна, Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС.
Працоўную дзейнасць пачала настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Ракітніцкай школы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Працавала другім, першым сакратаром Жабінкаўскага райкама ЛКСМБ, сакратаром, першым сакратаром Брэсцкага абкама ЛКСМБ, першым сакратаром Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ, Намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР[2].
У 1988 г. Ніна Мазай узначальвала Дзяржаўную камісію па расследванні злачынстваў у Курапатах[3].
27 снежня 1991 года была прызначана Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА [4]. 27 студзеня 1993 года была дадаткова прызначана Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Францыі [5], 3 снежня 1994 года стала таксама паслом у Іспаніі і Партугаліі па сумяшчальніцтве [6]. З усіх гэтых пасад была адстаўлена 20 студзеня 1997 года, калі была прызначана намеснікам міністра замежных спраў [7]. З пасады намесніка міністра была адстаўлена 29 студзеня 1999 года [8].
8 мая 2001 года стала паслом у Канадзе [9], якім заставала да 3 студзеня 2008 года [10].
Абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР адзінаццатага склікання.
Старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі, член Пастаяннай камісіі Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па палітычных пытаннях і міжнародным супрацоўніцтве, кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ажыццяўленні кантактаў з Парламенцкай асамблеяй НАТА, намеснік кіраўніка дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.