Някле́я[2] — возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Сосніца, за 37 км на паўночны ўсход ад Полацка, каля вёскі Труды.
Плошча паверхні 0,95 км². Даўжыня 3,04 км, найбольшая шырыня 0,52 км. Найбольшая глыбіня дасягае 7,2 м, сярэдняя 2,9 м. Аб’ём вады ў возеры 2,76 млн м³, мінералізацыя да 150 г/л, празрыстасць да 1,8 м. Плошча вадазбору 24,8 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з захаду на ўсход і складаецца з двух плёсаў. Найбольшыя глыбіні ва ўсходнім плёсе. Плёсы злучае пратока шырынёй 60 м і глыбінёй 3,6 м. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, спадзістыя, месцамі стромкія вышынёй да 10 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, пясчаныя. У паўднёвай і ўсходняй частках возера берагі зліваюцца са схіламі катлавіны. Падводная частка катлавіны карытападобнай формы. Мелкаводдзе займае каля 29 % плошчы возера, ва ўсходнім плёсе вузкае. Дно возера на мелкаводдзі выслана пяскамі і апясчаненымі адкладамі, на большых глыбінях — крэменязёмістым сапрапелем.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. У возера ўпадаюць ручаі, ручай з возера Талакнянік, выцякае рака Няклейка ў возера Жэльцы. Расліннасць распаўсюджваецца да глыбіні 2,2 м. Прыбярэжная надводная расліннасць распаўсюджваецца на адлегласці 3—50 метраў ад берага возера.
У возеры водзяцца лешч, шчупак, плотка, гусцяра, акунь і іншыя віды рыб.