Няві́да, Нявідава — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Нача, за 28 км у напрамку на паўднёвы захад ад Полацка, за 1,5 км ад вёскі Загацце.
Плошча паверхні возера 1,09 км². Даўжыня 1,9 км, найбольшая шырыня 0,82 км. Найбольшая глыбіня дасягае 9 м. Даўжыня берагавой лініі 5,2 км, плошча вадазбору 78 км².
Катлавіна Нявіда лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны ад 3—15 да 20—25 м. Берагавая лінія ўтварае залівы і паўастравы. Берагі нізкія. Пойма на ўсходзе, поўдні і паўночным захадзе возера шырынёй да 400 метраў. Мелкаводдзе пясчанае. Да глыбіні 4 м дно возера гліністае, глыбей — выслана гліністым ілам.
Возера эўтрофнае, праточнае. Расліннасць распаўсюджваецца да глыбіні 3 м. Праз возера працякае рака Быстрыца і злучае Нявіда з азёрамі Бабынічы і Лесава. Упадаюць ручаі, у т.л. ручай з возера Вялікі Белянок.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, плотка, карась, гусцяра і іншыя віды рыб.
Каля возера база адпачынку «Нявіда»[1] і паляўніча-рыбалоўная база Полацкай лесапаляўнічай гаспадаркі[2].