Но́выя Залю́цічы[1] (трансліт.: Novyja Zaliucičy, руск.: Новые Залютичи) — вёска ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Мілевіцкага сельсавета. Размешчана за 5 км на паўднёвы захад ад Новых Мілевічаў, за 9 км на паўночны ўсход ад вёска Наваленін, за 61 км на паўночны захад ад Жыткавіч. На поўдні, поўначы і захадзе мяжуе з лесам.
Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Мікашэвічы — Слуцк. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой на поўначы далучаецца кароткая прамалінейная вуліца з завулкам. Забудова двухбаковая, няшчыльная, сядзібнага тыпу.
Заснавана ў пачатку XX ст. перасяленцамі з суседніх вёсак, галоўным чынам з вёскі Залюцічы. У 1940 годзе 72 двары, 321 жыхар. У Вялікую Айчынную вайну ў лютым 1943 года нямецкія акупанты спалілі вёску і загубілі 11 жыхароў. 27 вяскоўцаў загінулі на фронце. У савецкі час уваходзіла ў склад саўгаса Случ (цэнтр — вёска Мілевічы). Дзейнічалі пачатковая школа, бібліятэка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт. Зараз толькі бібліятэка і клуб.
Паблізу вёскі возера Выдра.