У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дадышкіліяні. Натэла Атараўна Дадышкіліяні (2 снежня 1960, г. Чалябінск, Расія) — артыстка балета. Дачка А. Дадышкіліяні. Заслужаная артыстка Беларусі (1990).
Нарадзілася ў 1960 годзе ў балетнай сям’і: маці — балерына Клара Малышава, а бацька — рэжысёр Атар Дадышкіліяні.[1]
Пасля сканчэння Беларускага харэаграфічнага вучылішча ў 1979 годзе салістка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета Беларусі.
У 1998 годзе з’ехала ў Японію, дзе выкладала танец у балетнай студыі, паставіла некалькі балетаў і харэаграфічных мініяцюр, у якіх сама танчыла. Вярнуўшыся з Японіі, працавала ў Мінскім музычным тэатры ў якасці рэпетытара.
З 2009 года выкладае танец у балетнай студыі ў Маскаце, сталіцы Амана.[1]
Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1984 года.
Танцоўшчыца класічнага плана. Валодае добрымі знешнімі данымі, стрыманай, строгай манерай выканання. У яе рэпертуары большасць сольных і галоўных партый з балетаў бягучага рэпертуару тэатра: Уладарка дрыяд («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Жызэль («Жызэль[ru]» А. Адана), Маша, Адэта — Адылія («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага), Магнолія («Чыпаліна[ru]» К. Хачатурана(руск.) бел.), Сільфіда («Сільфіда[ru]» Г. Левенскольда(руск.) бел.), Марыя («Бахчысарайскі фантан[ru]» Б. Асаф’ева), Сільфіда («Шапеніяна[ru]» на музыку Ф. Шапена).
Найбольш блізкія Натэле Дадышкіліяні работы галоўнага балетмайстра тэатра В. Елізар’ева. Дадышкіліяні тонка адчувае сучасную пластыку яго пастановак і паспяхова выконвае партыі Фрыгіі («Спартак[ru]» А. Хачатурана), Евы («Стварэнне свету» А. Пятрова[ru]), Джульеты («Рамэа і Джульета» С. Пракоф’ева), Каханай («Карміна Бурана[ru]» на музыку К. Орфа), Дзевы-выбранніцы («Вясна свяшчэнная[ru]» І. Стравінскага).