wd wp Пошук:

Напад на цягнік каля станцыі Слаўнае

Напад на цягнік каля станцыі Слаўнае — акцыя беларускіх партызанаў на чале з атаманам Юркам Монічам з «Зялёнага дубу».

Перадумовы

У красавіку 1921 года, адразу пасля падпісання перамір’я з Польшчай, па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы быў адноўлены рух цягнікоў з Масквы ў Еўропу. Міжнародны кур’ерскі цягнік «ПарыжВенаВаршава — Масква» хадзіў штодзень.

Хада акцыі

10 кастрычніка 1923 года атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кіламетры ад станцыі Слаўнае (на перагоне КрупкіБобр) спыніў цягнік «БерлінМасква», у якім ехалі ангельскія, французскія ды італьянскія дыпламаты, а таксама савецкія чыноўнікі. Цягнік быў спынены з-за таго, што рэйкі былі разабраныя партызанамі[1].

Атаман Юрка Моніч, увайшошы ў міжнародны вагон, ветліва звярнуўшыся да прысутных, папрасіў паказаць дакументы[1]. Па правяранні дакументаў усіх пасажыраў вывелі з цягніка. Сярод іх выявілася 60 камуністаў з партыйнымі білетамі[1]. Камуністы былі адлучаныя ад астатніх пасажыраў. Моніч загадаў адлупцаваць іх па 50 разоў шомпаламі[1] на вачах дыпламатаў. Замежнікам жа было прапанавана ахвяраваць у скарб паўстанцаў[1]. Ніхто забіты не быў.

Здабыча з цягніка была багатая: золата, валюта, дарагое адзенне, замежная водка, цыгарэты. Таксама партызаны здабылі 13 слоікаў какаіну, якія атаман раздаў сваім салдатам[1]. Сваю частку Моніч аддаў на карысць «Зялёнага дубу». Гэтаксама паўстанцы захапілі два вагоны мукі, якія ішлі ў Маскву. Яны былі далучаныя да складу ў Барысаве. Усю муку раздалі тутэйшым сялянам.

Рэакцыя

У савецких дакументах гэты выпадак апісваўся наступным чынам:

Цягнік № 1/2 Парыж — Масква на 582-й вярсце каля станцыі Бобр наляцеў на рэйкавае пашкоджанне. Абыйшлося без чалавечых ахвяр. Цягнік быў абкружаны людзьмі з вінтоўкамі, рэвальверамі і гранатамі, якія пачалі рабаваць пасажыраў… Арыгінальны тэкст (руск.)   

Поезд № 1/2 Париж — Москва на 582-й версте у станции Бобр налетел на рельсовое повреждение. Обошлось без человеческих жертв. Поезд был окружён людьми с винтовками, револьверами и гранатами, которые начали грабить пассажиров…

У адказ усе кіраўнікі сілавых аддзелаў Барысаўскага павета былі знятыя са сваіх пасад і аддадзеныя пад суд з фармулёўкай «не справіліся з ліквідацыяй бандытызму»[1]. З Масквы быў кінуты спецаддзел ГПУ на чале з Юрыем Мартынавым з мэтай знішчэння Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца года большасць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасці прыцягнута 75 чалавек, 22 з якіх у лютым 1924 былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакарання. Сярод іх была і грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак (сапр. Хяўроння Наўроцкая).

Таксама пра гэтую акцыю шырока пісалі па-за межамі СССР. У савецкай прэсе пра гэта пісалася сціпла, а партызаны называліся белагвардзейцамі[1].

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Дакументальны фільм «Белорусский Робин Гуд (Атаман Юрка Монич)»

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Падзеі 10 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыя Талачынскага раёна
Катэгорыя·Тэрарыстычныя акты, здзейсненыя ў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Беларускі антысавецкі супраціў
Катэгорыя·Падзеі 1923 года
Катэгорыя·1923 год у Беларусі
Катэгорыя·Кастрычнік 1923 года