wd wp Пошук:

Міхаіл Фёдаравіч Дубянецкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дубянецкі. Міхаіл (Міхал, Міхась) Фёдаравіч Дубянецкі (4 сакавіка 1927, в. Востраў, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць — 3 верасня 1990, Мінск) — беларускі кнігавыдавец, пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1984). Брат філосафа, палітолага і публіцыста Станіслава Дубянецкага. Бацька паэтэсы Галіны Дубянецкай і філосафа, тэолага Ірыны Дубянецкай.

Біяграфія

Вучыўся ў Востраўскай сямігадовай польскай школе, а ў 1938—1939 гг. у адной з гімназій Познані (Польшча). У верасні 1944 г. скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску і быў настаўнікам пачатковых класаў Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школы Пінскага раёна. У 1945—1951 гг. служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Пінскім райкаме КПБ (1951—1952). Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1956). У 1956—1961 гг. загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Ганцавіцкага райкама КПБ, намеснік рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Адначасова з працай у газеце завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1960) па спецыяльнасці журналістыка. З 1961 г. працаваў рэдактарам у выдавецтве «Беларусь», загадчыкам рэдакцыі эканамічнай літаратуры, галоўным рэдактарам выдавецтва «Ураджай». У 1968—1975 гг. інструктар сектара друку ЦК КПБ. З 1975 г. адказны сакратар-намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1979—1986 гг. дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Дзейнасць

З 1964 г. выступаў як перакладчык з рускай, польскай і ўкраінскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Д. Граніна, В. Распуціна, С. Жаромскага, Г. Цюцюнніка, зборнік украінскіх апавяданняў, «Блакадная кніга» А. Адамовіча і Д. Граніна, паасобныя творы В. Жукроўскага, С. Мрожака, У. Салаухіна, Ю. Шчэрбака і інш. Ініцыятар стварэння шматтомных выданняў нацыянальнай літаратуры і фальклору, выпуску твораў беларускіх класікаў, замежнай перакладной літаратуры, маладых паэтаў і пісьменнікаў. Абараняў ад чыноўніцкага свавольства і цэнзуры лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў (В. Адамчыка, У. Караткевіча, А. Карпюка, П. Панчанкі, І. Чыгрынава, А. Разанава, Л. Дранько-Майсюка і інш.). У 1982 г. яму ўдалося дабіцца завяршэння выдання чатырохтомнага збору твораў В. Быкава і ўключэння ў яго раней забароненай ЦК КПСС аповесці «Мёртвым не баліць». Аўтар дакументальна-публіцыстычнага эсэ «„Злое вогнішча“: Да гісторыі выдання аповесці В. Быкава „Мёртвым не баліць“» і мемуараў, апублікаваных (пасмяротна) у часопісах «Полымя» і «Дзеяслоў», а таксама артыкулаў у айчынным і замежным перыядычным друку.

Грамадская праца

Адзін з пачынальнікаў нацыянальна-дэмакратычнага руху ў Беларусі ў 1980-х — пачатку 1990-х гг. Старшыня гісторыка-мемарыяльнай камісіі Беларускага фонду культуры. У ліпені 1988 г. разам з З. Пазняком, А. Лукашуком і інш. заснаваў «Камітэт-58» (назва паходзіць ад 58-га артыкула Крымінальнага кодэксу РСФСР) з мэтай арганізацыі грамадскага руху па выяўленні сталінскіх злачынстваў супраць беларускага народа. Член Грамадскай рады гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі» і Аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» (разам з В. Быкавым, З. Пазняком, А. Трусавым і інш.), утвораных на Усебеларускім устаноўчым сходзе прадстаўнікоў грамадскасці 19 кастрычніка 1988 г. На Устаноўчым з’ездзе, які адбыўся ў Вільні 24—25 чэрвеня 1989 г., абраны сябрам Сойму БНФ.

Творы

Пераклады

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 красавіка
Катэгорыя·Выпускнікі Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС
Катэгорыя·Рэдактары Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Памерлі ў 1990 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пінскім раёне
Катэгорыя·Памерлі 3 верасня
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1927 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 сакавіка
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі