У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Наўка.
Міхал Наўка (в.-луж.: Michał Nawka, 22 лістапада 1885, Радвар, Германія — 16 сакавіка 1968, Будзішын, ГДР) — лужыцкі пісьменнік, паэт, мовазнаўца, педагог і грамадскі дзеяч. Адзін са стваральнікаў лужыцкай культурна-грамадскай арганізацыі «Домавіна»[3][4].
Нарадзіўся 22 лістапада 1885 года ў горадзе Радвар. Пасля заканчэння пачатковай школы ў 1900 годзе паступіў у каталіцкае педагагічнае вучылішча ў Будзішыне, якое скончыў у 1904 годзе. У 1903 годзе ўступіў у лужыцкае культурна-асветніцкае таварыства «Маціца сербская». Будучы студэнтам педагагічнага вучылішча, разам з Францам Кралем выдаваў дзіцячы часопіс «Zahrodka» (з 1906 года — «Raj») і дзіцячую бібліятэку. З 1904 года працаваў настаўнікам у горадзе Жытава і вёсцы Гайніцы. З 1906 па 1908 год настаўнічаў у вёсцы Здзер. Падчас працы ў гэтай вёсцы, арганізаваў у ёй хор «Meje». У 1908 годзе пераехаў у Радвар, дзе выкладаў да 1937 годзе. Арганізаваў у Радвары гарадскі лужыцкі хор, якім кіраваў да 1937 года. У 1909-1910 гадах рэдагаваў часопіс «Serbski hospodar». У 1912 годзе быў адным з ініцыятараў стварэння лужыцкай культурна-асветніцкай арганізацыі «Домавіна».
Пасля Першай сусветнай вайны ўдзельнічаў у дзейнасці розных лужыцкіх культурных і грамадскіх арганізацый. Удзельнічаў у дзейнасці спартыўнай арганізацыі «Сербскі сокал», выдаючы з 1928 па 1932 год іх друкаваны орган «Sokołske listy». У 1920 годзе прыняў удзел у міжнародным з’ездзе сокалсьскіх арганізацый у Празе. Супрацоўнічаў з лужыцкім Народным універсітэтам.
У 1923 годзе арганізаваў Саюз лужыцкіх харавых таварыстваў (Zwjazk serbskich spěwnych towarstwow).
Пасля прыходу да ўлады нацыстаў падвяргаўся ціску з боку ўлады. У 1934 годзе быў высланы ў Хемніц, дзе прапрацаваў настаўнікам да 1945 года. У 1936 годзе перавёў на ніжнялужыцкую мову чын каталіцкай імшы «Missale Romanum». У 1945 годзе вярнуўся ў Будзішын. У 1945-1946 гадах працаваў у Будзішыне дырэктарам гарадской школы імя Фіхта. З 1946 па 1949 год быў дырэктарам педагагічных курсаў у Радвары. З 1949 па 1955 год выкладаў лужыцкія мовы ва ўніверсітэце імя Карла Маркса ў Лейпцыгу. У 1951 годзе стаў ініцыятарам стварэння «інстытута Сербскага» (у цяперашні час — Інстытут сарабістыкі) пры універсітэце імя Карла Маркса. З 1950 года па 1960 год рэдагаваў каталіцкі часопіс «Katolski Posoł».
У 1955 годзе выйшаў на пенсію. Памёр у 1968 годзе. Пахаваны на могілках святога Мікалая ў Будзішыне.
Пісаў у асноўным вершы на верхнялужыцкай мове. Выдаў некалькі кніг па лужыцкаму мовазнаўству і дапаможнікаў па верхнялужыцкай мове. Займаўся перакладамі на верхнялужыцкую мову.
Паэтычныя зборнікі
Проза
Песенныя зборнікі
Лінгвістычныя сачыненні
Пераклады на верхнялужыцкую мову
У 1908 годзе ажаніўся з Ганнай Андрыцкец. У іхнім шлюбе нарадзілася 13 дзяцей. Адным з яго сыноў быў лужыцкі пісьменнік Антон Наўка.