Халодная сінагога (Ды калтэ шул), або Вялікая сінагога — колішняя сінагога ў Мінску.
Называлася «халоднаю», бо калісьці маліліся там толькі на святы, а буднімі сінагога не ацяплялася.
Знаходзілася на сінагагальным двары на рагу Школьнай і Нямігі, дзе агулам было 16 бажніц. Пабудаваная, паводле розных даследчыкаў, не пазней XVI[1]-XVII ст.[2] — першая мураваная сінагога ў Менску. Некаторыя лічаць, што гэта будынак Петрапаўлаўскай царквы на тэрыторыі праваслаўнага жаночага манастыра, які пазней быў прададзены яўрэям і перароблены ў сінагогу. Да XIX ст. належала яўрэйскай абшчыне, у 1930-я гады закрыта, пасля 2-й сусветнай вайны вернута вернікам. Пэўны час у будынку размяшчалася адно са сховішчаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сінагога працяглы час была адной з найстарэйшых мураваных пабудоў у горадзе. У 1965—1966 гады падчас разбурэння гістарычнай забудовы Нямігі будынак сінагогі знішчаны.
Будынак у плане амаль квадрат, меў гатычныя скляпенні, контрфорсы паміж акон і ўсе марфалагічныя і канструкцыйныя прыкметы позняй готыкі з элементамі характэрнымі для пабудоў абароннага тыпу. Мікалай Шчакаціхін, які аглядаў і апісаў будынак, выказаў здагадку, што сінагога пабудавана ў пачатку XVII ст. як архаізм у менскай архітэктуры.[1]
У 2001 годзе, калі на месцы сінагогі пачалося будаўніцтва паркінгу, мінская яўрэйская абшчына прапанавала аднавіць яе, але галоўны архітэктар Мінску вырашыў паставіць толькі памятны знак[3]. У 2018 годзе злева ад гандлёвага цэнтра па адрасе Няміга-3 павешана інфармацыйныя шыльда з кароткай гісторыяй Халоднай сінагогі на беларускай і англійскай мовах, з розначытаннямі ў версіях[4].
Мінская халодная сінагога на Вікісховішчы |