wd wp Пошук:

Мікола Асіненка

Мікола Асіненка (1928) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), адзін з заснавальнікаў і старшыня Постаўскай групы СБП. Мянушка «Крывіч».[1]

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1928 г. у в. Рамелькі Дзісненскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) ў сялянскай сям’і [2].

Пасля адыходу нямецкіх войскаў у Другую сусветную вайну ў 1944 г. паступіў у педагагічную навучальню ў Паставах, дзе падчас вучобы пісаў патрыятычныя вершы. Быў аднім з ініцыятараў утварэння ў навучальні падпольнай арганізацыі «За Беларусь», якая потым улілася ў глыбоцкую групу Саюза беларускіх патрыётаў. На кватэры Ніны Асіненкі (цёзка па прозвішчы), нарачоным якой быў Мікола Асіненка, ў сакавіку 1946 г. адбылася моладзевая вечарына, на якой той урачыста абвясціў пра існаванне арганізацыі. 25 сакавіка 1946 г. удзельнічаў у прыняцці арганізацыяй прысягі на вернасць Беларусі, прымеркаванай да 28-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прысяга прымалася не адначасова, але групамі па некалькі чалавек.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы раней увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак канспірацыя арганізацыі была слабай. Як адзін з заснавальнікаў быў асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі з 5-гадовым пазбаўленнем праў. На судовым працэсе ў Мінску, каб выратаваць Ніну Асіненка, адмаўляў яе ўдзел у СБП, але тая заявіла, што была ў арганізацыі і хоча раздзяліць з сябрамі іх лёс. Падчас зняволення нейкі час быў шпіталізаваны і знаходзіўся ў Кемераўскай вобласці на адным з медычна-санітарных пунктаў для вязняў.

Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь, але праз пераследы палітычных вязняў пераехаў у Казахстан, а потым ува Узбекістан. Там у Ташкенце з чырвоным дыпломам скончыў Ташкенцкі політэхнічны інстытут. Далей вярнуўся ў Беларусь і працаваў галоўным інжынерам на заводзе будаўнічых матэрыялаў у Чэрыкаве. Пасля смерці жонкі Ніны Асіненкі, якая была знясіленая савецкімі канцлагерамі і заўчасна памерла, накіраваўся з брыгадай будаўнікоў на будаўніцтва БАМ. Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154731.html Біяграфія Міколы Асіненкі
  2. Беларускі Рэзыстанс (часопіс) №1(15)/2014

Літаратура

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Віленскім ваяводстве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх патрыётаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1928 годзе