wd wp Пошук:

Мікалай Міхайлавіч Нікольскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Нікольскі. Мікала́й Міха́йлавіч Ніко́льскі (1 (13) лістапада 1877, Масква — 19 лістапада 1959) — расійскі і беларускі савецкі гісторык, усходазнавец. Акадэмік АН БССР (1931), член-карэспандэнт АН СССР (1946). Доктар гістарычных навук (1934). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1938).

Біяграфія

Першыя прафесары БДУ, 1922 год (злева направа):
Ніжні рад: С. З. Кацэнбоген, А. М. Вазнясенскі, М. М. Нікольскі, У. І. Пічэта, У. М. Ігнатоўскі, Я. Ю. Лёсік, А. А. Міхайлоўскі;
Сярэдні рад: І. М. Салаўёў, С. Я. Вальфсон, Я. І. Барычэўскі, А. А. Савіч, Д. А. Жарынаў, Я. К. Успенскі, І. Я. Герцык;
Верхні рад: У. М. Перцаў, М. М. Шчакаціхін, В. В. Якунін, М. М. Піятуховіч.

Нарадзіўся ў сям’і М. В. Нікольскага, арыенталіста з сусветным прызнаннем. Скончыў гімназію (1896) з залатым медалём. Паступіў на філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы зацікавіўся гісторыяй Старажытнага Усходу, найперш Палесціны. У 1901 г. апублікаваў дыпломную работу «Іудзея пры Макавеях і Асманеях» па гісторыі Іудзеі. Па сканчэнні Маскоўскага ўніверсітэта, ат­рымаў месца выкладчыка ў Мас­коўскай жаночай гімназіі імя В. Ф. Пратапопавай. У час рэвалюцыі 1905 г. на кватэры М. М. Ні­кольскага была бальшавіцкая яўка, сам ён распаў­сюдж­ваў нелегальныя газеты. Захапленні рэвалюцыйнымі плынямі, аднак, не заміналі навуковай кар’еры.

Цікавасць да гісторыі Старажытнай Палесціны абумовіла ў М. М. Нікольскага і цікавасць да пачаткаў хрысціянства і іншых рэлігій гэтага рэгіёна. Да пачатку 1-й сусветнай вайны выходзяць працы «Цар Давід і псалмы», «Старажытны Ізраіль», «Ранняе хрысціянства», «Вавілон і Біблія». Тады ж пачынае даследаваць і гісторыю старажытных Вавілона і Егіпта. У 1918 г. была надрукавана адна з найбольш вядомых яго работ «Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны».

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. працаваў настаўнікам у савецкай працоўнай школе, выкладчыкам Сацыялістычнай акадэміі грамадскіх навук у Маскве. У 1918 г. перабраўся ў Смаленск, дзе быў адкрыты дзяржаўны ўніверсітэт, быў прафесарам Смаленскага ўніверсітэта, з восені 1919 г. — рэктарам.

У 1921 г. па запрашэнні першага рэктара новастворанага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. І. Пічэты пераязджае ў Мінск. У верасні 1921 г. Вучоным Саветам БДУ М. М. Нікольскі зацверджаны на пасаду прафесара па кафедры гісторыі рэлігіі. У 1922 г. адказваў за арганізацыю новага, педагагічнага, факультэта. М. Нікольскаму, як аўта­рытэтнаму навукоўцу, было даручана кіраваць разглядам заяў аб прыёме на працу ў БДУ ад тых, хто жадаў працаваць у Мінску на выкладчыцкай пасадзе. Між іншых, у верасні 1923 г. на працу ва ўні­версітэт дзякуючы М. Нікольскаму быў прыняты этнограф І. А. Сербаў. У кастрычніку 1923 г. на пасяджэнні дэканата педфака была разгле­джана рэкаменда­цыя на працу выкладчыкам беларускай мовы К. М. Міцкевіча (Я. Коласа), М. М. Нікольскі прасачыў, каб Праўленне БДУ прыняло станоўчае рашэнне па гэтым кадравым пытанні і неабходная папера трапіла на пацвярджэнне Галоў­прафадукацыі БССР.

Таксама М. М. Нікольскі, як намеснік дэкана, займаўся забеспячэннем кватэрамі выкладчыкаў, якіх запрашаў, удзельнічаў у камісіі па абкладан­ні студэнтаў платай за вучобу, каб падтрымаць існаванне факультэта і ўніверсітэта ў цэлым, фарміраваў экспазіцыю ўніверсітэцкага музея гісторыі, культуры і рэлігіі. У экспазіцыі, вядома, цалкам адлю­строўваліся навуковыя інтарэсы М. Нікольскага — першабытная культура, рэлігія, Егіпет, Вавілон, Асірыя і г.д.

Калегія Наркамасветы БССР 16 мая 1924 г. зацвердзіла М. Нікольскага на пасадзе дэкана педагагічнага факультэта БДУ. Мусіць першым, што зрабіў Нікольскі на гэтай пасадзе, было запрашэнне ў Мінск выдатнага хіміка з Кіева М. А. Прыляжаева, таксама вельмі важнай справай было адстойванне маёмасці і аўды­торнага фонду ад перадачы іх Цэнтральнай партыйнай школе.

У адным са сваіх выступленняў, 30.10.1922 г. у БДУ, М. М. Нікольскі выказваў захапленне новымі магчымасцямі для даследчыкаў, каб вывучаць рэлігію як з’яву сацыяльную, праз даследаванне і крытыку, а не праз дагматыку і апалогію. У 1922 г. выходзіць і яго буйная праца па гісторыі ранняга хрысціянства «Сусветны і сацыяльны пераварот па ўяўленнях ранняга хрысціянства» — аналіз раннехрысціянскай эсхаталогіі (вучэння аб канцы свету), дзе М. М. Нікольскі  рэалізоўвае матэрыялістычны погляд на гісторыю, аднак у працы Ісус — гістарычная асоба, храналогія кніг Новага запавету — сапраўдная.

У 1920-я і ў пачатку 1930-х гадоў М. М. Нікольскі выдаў шэраг сваіх прац па гісторыі хрысціянства і іудзейскай рэлігіі. Паказальна, што яго кніга «Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі» была выдадзена ў Мінску у 1931 г. на беларускай мове, а на рускую мову была перакладзена толькі ў 1974 г. у серыі «Навукова-атэістычная бібліятэка». З 1930-х гадоў М. М. Нікольскі фактычна перастаў даследаваць праблемы ранняга хрысціянства, аднак у гэты час выйшла яго кніга «Гісторыя рускай царквы».

У 1931 годзе абраны акадэмікам АН БССР. Сканцэнтраваўся на вывучэнні праблем гісторыі Старажытнага Усходу. З пачатку стварэння гістарычнага факультэта БДУ ўзначаліў кафедру гісторыі Старажытнага Свету і Сярэдніх вякоў, а пасля яе падзелу ў 1938 г. — кафедру гісторыі Старажытнага Свету. Шмат увагі надаваў працы з аспірантамі, студэнтамі. Аўтар падручніка па гісторыі Старажытнага Свету для школы, потым разам з С. І. Кавалёвым і А. В. Мішуліным яшчэ аднаго, якім у школах СССР карысталіся некалькі дзесяцігоддзяў, і які па ўзроўні пераўзыходзіў многія навейшыя падручнікі.

У 1937—1953 гг. М. М. Нікольскі ўзначальваў Інстытут гісторыі АН БССР.

У 1930-1950-я гады М. М. Нікольскі даследаваў праблемы абшчыннага ладу, рабства, культуры Старажытнага Міжрэчча. У дыскусіі савецкіх навукоўцаў аб рабаўладальніцкім ладзе Старажытнага Усходу не пайшоў звычайным тады шляхам фармацыённага падыходу, паводле якога рабаўладальніцкага цывілізацый старажытнасці Захаду і Усходу не розніўся. Даследаваў сацыяльную гісторыю Міжрэчча, Фінікіі, асабліва праблему ўласнасці на зямлю, яго вывады аб дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў асобе валадара на Старажытным Усходзе паказалі прынцыповае адрозненне ад прыватнай зямельнай уласнасці ў Грэцыі і Рыме, а таксама і паміж рабствам у антычных і ва ўсходніх цывілізацыях старажытнасці.

У 1948 г. выйшла манаграфія М. М. Нікольскага «Эцюды па гісторыі фінікійскіх абшчынных і земляробчых культаў», яе рукапіс ён вывез у партызанскі атрад з акупіраванага Мінска ў 1943 г. Манаграфія прысвечана больш не рэлігіям Фінікіі, а асаблівасцям сацыяльнага ладу гарадоў Фінікіі.

М. М. Нікольскі стаяў на чале кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, дзе была сфарміравана навуковая школа вывучэння старажытнай гісторыі і гісторыі рэлігій, кафедра дагэтуль з’яўляецца цэнтрам у гэтай галіне ў Рэспубліцы Беларусь. Створаная М. М. Нікольскім навуковая школа па сутнасці мела два кірункі: ранняе хрысціянства і Старажытны Усход. У навуковай творчасці акадэміка абодва кірункі былі цесна звязанымі. Затым яны пачалі раздзяляцца і зараз існуюць фактычна як асобныя навуковыя школы, хоць іх інтарэсы і праблематыка перакрыжоўваюцца і спалучаюцца.

У гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава, кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў з 1995 года раз у два гады праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю. Яна пачынаецца 13 лістапада — у дзень нараджэння М. М. Нікольскага, і называецца «Лістападаўскія сустрэчы».

Публікацыі

Зноскі

  1. 1 2 3 Никольский Николай Михайлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Вучоныя паводле алфавіта
Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
Выкладчыкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Памерлі ў 1959 годзе
Кавалеры ордэна Леніна
Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР
Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання
Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта
Члены-карэспандэнты АН СССР
Асобы
Даследчыкі славянскага паганства
Нарадзіліся ў 1877 годзе
Памерлі 19 лістапада
Нарадзіліся ў Маскве
Нарадзіліся 13 лістапада
Крытыкі Беларусі
Памерлі ў Мінску
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных