Мікалай Мікалаевіч Чур (нар. 19 жніўня 1948, г. Вілейка, Мінская вобласць) — беларускі ўрач-хірург. Доктар медыцынскіх навук (1999), прафесар (2007). Галоўны хірург Мінскай вобласці (1983—1993).
Скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1972).
Працаваў у Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы (Віцебская вобласць; 1972—1975); Мінскай абласной клінічнай бальніцы (з 1975, ангіяхірург, з 1989 — загадчык гнойнага хірургічнага аддзялення); Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (1995—2011, асістэнт, з 1999 — дацэнт кафедры клінічнай і эксперыментальнай хірургіі, з 2005 — прафесар кафедры хірургіі); Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (з 2011, 1-я кафедра хірургічных хвароб, прафесар).
Навуковыя інтарэсы: лячэнне хворых з трафічнымі язвамі ніжніх канечнасцей пры хранічнай вянознай недастатковасці з ужываннем лазерных тэхналогій; пытанні гнойна-некратычных ускладненняў і антыбіётыкатэрапіі. 5 патэнтаў, 19 рацыяналізатарскіх прапаноў.
Нагрудны знак імя М. І. Пірагова, знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».