Мяшэй зялёны, Мяшэй, Прада[3][4][5] (Setária víridis), — аднагадовая расліна, від роду Мяшэй (Setaria).
Распаўсюджаная пустазельная расліна, дзікі продак культурнага мяшэю італьянскага, або магару (Setaria italica).
Аднагадовая расліна, якая ўтварае мноства сцеблаў 10-50 (100) см вышынёй, прамых ці каленчата ўзыходзячых, звычайна з 4-5 вузламі, у аснаванні і ніжніх вузлах галінавання. Пад суквеццем сцябло шурпатае.
Лісце плоскае, зялёнае, 2-12 мм шырынёй, звычайна да 15 см даўжынёй, па краі і з верхняга боку трохі шурпатае. Сярэдняя жылка вузкая, добра прыкметная пры аснаванні ліста, бакавыя жылкі вельмі вузкія, па 3 з кожнага боку. Язычок прадстаўлены шэрагам раснічак. Похва цыліндрычная або ледзь пляскатая, голая або з дагары накіраванымі раснічкамі і валасінкамі з патоўшчаным аснаваннем.
Аднакветкавыя каласкі 2-2,5 мм даўжынёй сабраны ў групах па 2-6 (палова ў кожнай групе недаразвіты) у даўгаватую або лінейна-цыліндрычную коласападобную мяцёлку 2-12 см даўжынёй, галіны якой рэдукаваны да прыкветкаў пад кожнай групай каласкоў. Пад кожным каласком выступаюць 1-3 зялёныя або цёмна-фіялетавыя шчацінкі, якія перавышаюць каласкі па даўжыні ў 2-3 разы. Каласковыя лускі вельмі няроўныя, плёнкавыя, ніжняя круглява-яйкападобная, з адной жылкай, у 3-4 разы карацей каласка, верхняя 5-7-жылкавая, сходная з каласком па даўжыні і абрысах.
Зярняўка каля 1,7 мм даўжынёй і 1 мм шырынёй.
Пустазельная расліна, антрапахор, засмечвае пасевы прапашных і збожжавых культур, зрэдку сустракаецца ў пасевах шматгадовых траў. Адна расліна дае да 7000 насенін. Усходы пры масавым з’яўленні задзярноўваюць і ўсушваюць глебу. Засмечвае насенне проса, ад якога, аднак досыць лёгка аддзяляецца. Амаль не аддзяляецца ад насення магару.
Можа выкарыстоўвацца на сена, будучы скошаным да ўтварэння суквеццяў, ахвотна есца скатом.
Міжземнаморскі від, распаўсюдзіўся ва ўмераных і трапічных рэгіёнах ўсіх кантынентаў. Звычайнае рудэральная расліна па ўсёй Расіі, за выключэннем паўночных раёнаў. Завезены ў Паўночную Амерыку і Аўстралію.