wd wp Пошук:

Мерачоўшчына

Урочышча Мерачоўшчына
Сядзіба Касцюшкаў на малюнку Напалеона Орды

Мерачо́ўшчына — урочышча, былы фальварак за 1,5 км на паўночны захад ад мястэчка Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі.

Гісторыя

Першыя пісьмовыя згадкі пра Мерачоўшчыну датуюцца 1529 годам, калі фальварак быў ва ўласнасці Храптовічаў. У 1577 князі Сангушкі-Кобрынскія прадалі Косава разам з Мерачоўшчынай берасцейскаму ваяводзе Андрэю Ляшчынскаму[1].

У першай палове XVIII стагоддзя Мерачоўшчына была ўласнасцю Сапегаў. У 1733 яна пераходзіць да мечніка берасцейскага Людвіка Касцюшкі ў заставу. У 1746 тут нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Па смерці Людвіка фальварак перайшоў да яго жонкі, якая прадала Мерачоўшчыну ў 1764 годзе ўласніку Косава Юрыю Флемінгу і пераехала ў Сяхновічы. З гэтай пары Мерачоўшчына становіцца неад’емнай часткай косаўскага маёнтка.

У 1821 годзе Косаўскі ключ набыў Войцех Пуслоўскі, маршалак шляхты Слонімскага павета, які распачаў аднаўленне сядзібы Касцюшкаў. Рэстаўрацыя была скончаная ў 1857 годзе[2].

За польскім часам Мерачоўшчына знаходзілася ў складзе гміны Косава Косаўскага павета Палескага ваяводства.

Хата, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, была знішчаная ў часе Другой сусветнай вайны. Яго выгляд вядомы толькі з малюнкаў Міхаіла Кулешы (1845) і літаграфіі Напалеона Орды (1871).

У 1999 годзе на месцы былога фальварка быў усталяваны мемарыяльны камень, а ў верасні 2004 адкрыта адноўлена хата, дзе цяпер размяшчаецца сядзіба-музей Касцюшкі.

Непадалёк знаходзіцца палац Пуслоўскіх.

Зноскі

  1. Несцярчук Л.М. Мерачоўшчына. Mereczowszczyzna. Меречевщина // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — С. 154. — ISBN 985-6302-37-4.
  2. Несцярчук Л.М. Мерачоўшчына. Mereczowszczyzna. Меречевщина // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — С. 155. — ISBN 985-6302-37-4.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Івацэвіцкага раёна
Катэгорыя·Славутасці Косава (Беларусь)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Пуслоўскія