wd wp Пошук:

Мегхалая

Мегхалая (англ.: Meghalaya), штат на паўночным усходзе Індыі. Гранічыць са штатам Асам на поўначы і з Бангладэш на поўдні. Займае 22-е месца сярод штатаў па плошчы (22 429 км2) і 23-е па насельніцтву (2,3 млн. чалавек, 2001). Адміністрацыйны цэнтр — Шылонг.

У параўнанні з іншымі штатамі паўночнага ўсходу Мегхалая найменш закранута інсургенцкімі рухамі, тым не менш, знаходжанне іншаземцаў на тэрыторыі штата абмяжоўваецца.

Геаграфія

Мегхалая — горная (нізкагор’е) краіна даўжынёй з захаду на ўсход каля 300 км і шырынёй 100 км. Звыш 1/3 часткі тэрыторыі пакрыта субтрапічным лесам.

Гісторыя

Штат утвораны ў 1972 (паўаўтаномны статус з 1970) выдзяленнем з тэрыторыі штата Асам земляў, населеных плямёнамі кхасі, гаро і джайнція. Кожнае з гэтых плямёнаў мела сваю дзяржаву да пачатку 19 стагоддзя, калі яны патрапілі пад брытанскую каланіяльную ўладу і былі далучаны да Асама ў 1835.

Эканоміка

Штат пераважна аграрны, адсталы ў гаспадарчым плане. Большая частка насельніцтва вядзе натуральную гаспадарку. Асноўная харчовая культура — рыс; таварныя культуры — кукуруза, проса, бульба, апельсіны. Вытворчасць шоўку, нарыхтоўка драўніны. Невялікая здабыча вуглю.

ВУП штата — 1,6 млрд. долараў ЗША (2004).

Насельніцтва

Асноўнае насельніцтва штата — 49% — народ кхасі (паўднёвыя мангалоіды, мова адносіцца да монкхмерскіх моваў, хрысціяне, захоўваецца культ продкаў). Другая па колькасці група — 34% — гаро (бода) (мова тыбета-бірманскай галіны сіна-тыбецкай сям’і; у рэлігіі важнае месца захоўвае культ свяшчэнных камянёў, якія ахоўваюць уваход у вёску). У плямёнаў застаюцца значныя рэшткі рода-племянной арганізацыі, у тым ліку перажыткі матрыярхальных адносін.

Мегхалая — адзін з трох штатаў (разам з Нагалендам і Мізарамам), дзе хрысціяне складаюць большасць насельніцтва. Хрысціян у Мегхалаі — 70,3%, індуістаў — 13,3%, анімістаў — 11,5%, мусульман — 4,3% (2001).

У Сеціве

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мегхалая
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96