Шоўк (ад стараж.-сканд. silki), Ядваб[1] — натуральная тэкстыльная нітка жывёльнага паходжання.
Выдзяляецца спецыяльнымі залозамі вусеняў тутавага шаўкапрада пры звіванні коканаў. Складаецца з бялковых рэчываў фібраіну (70—80 %) і серыцыну (20—30 %), воскаў, тлушчаў, мінеральных рэчываў. Пры размотванні коканаў атрымліваюць шоўк-сырэц для вытворчасці шаўковых тканін.
Вызначаецца тонкасцю, вялікай гіграскапічнасцю, умераным бляскам; лёгка афарбоўваецца, устойлівы да дзеяння мінеральных кіслот, малаўстойлівы да дзеяння шчолачаў. Пад уздзеяннем святла і кіслароду паветра траціць трываласць.